МІКАЛАЙ СТАТКЕВІЧ. СВЯТЫ НА ПЛАНТАЦЫЯХ
У пазамінулым стагоддзі чорнаскурыя рабы на амерыканскіх плантацыях таксама святкавалі. Не ўпэўнены, што ў іх былі святы свабоды, але ў астатнім усё адбывалася прыблізна вось так.
Па начах рабы збіраліся вакол вогнішчаў у самых глухіх месцах плантацый, адмыслова адведзеных ім наглядчыкамі далей ад вачэй гаспадара. Там яны танчылі, спявалі афрыканскія песні, скакалі праз агонь. І размаўлялі, безумоўна. Пра рознае.
Упэўнены, што некаторыя рабы ўслаўлялі мудрасць гаспадара, дазволіўшага ім святкаваць, і высокачалавечыя якасці наглядчыкаў, якія не разганяюць свята бізунамі. Хаця маглі б.
Некаторыя з танцораў, запамятаўшы пра паўсюдныя вушы наглядчыкаў, крычалі, што гаспадар дае ім святкаваць, бо напалоханы іхнімі мужнымі скокамі. І ў якасці доказаў настолькі падвышалі колькасць святкуючых, што нават самі пачыналі верыць у сваю моц.
Яшчэ каля вогнішчаў абгаворвалі падазроных і небяспечных асоб, якія падбухторваюць да нейкіх патрабаванняў гаспадару альбо да ўцёкаў з плантацыі. Ці, нават страшна падумаць – да паўстання.
Патанчыўшы і паспяваўшы, стомленыя рабы ішлі спаць, каб заўтра зноў пакорліва ўзяцца за працу на гаспадара плантацыі. Але цяпер жыццё здавалася ім не такім ужо і безнадзейным.
Ды толькі самых гаваркіх з іх назаўтра ўжо чакалі бізуны наглядчыкаў.
Беларусь – самая несвабодная краіна Еўропы.