Актуальна

Статкевіч на волі: «Грэх апраўдвацца за заклік на малітву»

Падсаджвалі ў камэру псыхічна хворых: адзін спрабаваў нападаць, другі быў «вечна галодны».

Палітык Мікола Статкевіч удзень 22 красавіка выйшаў на волю пасьля 15 дзён арышту. Яго асудзілі за заклік маліцца за Курапаты 7 красавіка ў цэнтры Менску — затрымалі на выхадзе з дому, акцыя прайшла безь ягонага ўдзелу.

 З прысудам не пагадзіўся

Сам Статкевіч ня згодны з тым, што арганізоўваў «несанкцыянаваную акцыю», ён кажа, што рэальна яго і не судзілі, а толькі «нейкая пэрсона пад нос мармытала».

У інтэрвію Свабодзе пасьля вызваленьня Мікола Статкевіч сказаў, што на судзе ён сам не спрабаваў апраўдвацца і адвакату забараніў, бо «грэх на Вялікдзень апраўдвацца за тое, што заклікаў на малітву ў абарону Хрыстовага крыжа». Ён толькі тлумачыў судзьдзі, што «ня лічыць гэта судом — гэта горш за цырк».

Беларускі закон «Аб масавых мерапрыемствах» не рэгулюе рэлігійную дзейнасьць, да якой адносяцца малітоўныя сходы. Закон «Аб свабодзе сумленьня і рэлігійных арганізацыях» забараняе перашкаджаць рэлігійным абрадам як у культавых пабудовах і на іхных тэрыторыях, так і ў месцах паломніцтва або на могілках. Тым ня менш малітву палічылі масавай акцыяй.

Падсаджвалі псыхічна хворага

У час зьняволеньня, сьцьвярджае Статкевіч, «як звычайна», былі спробы правакацыяў і супраць яго, і супраць жонкі, якая насіла яму перадачы. На жонку, кажа ён, «ледзь не нападалі», «выштурхоўвалі».

Да яго ў камэру, паводле Статкевіча, пасадзілі псыхічна хворага чалавека, які спрабаваў нападаць сярод ночы. Але аказалася, дастаткова на яго проста моцна крыкнуць.

Навінаў ня чуў, пра выбары будзе думаць

Статкевіч кажа, яшчэ не чытаў апошніх навінаў і ня ведае ў дэталях пра новыя выказваньні Аляксандра Лукашэнкі пра Курапаты. Цяпер ён толькі вярнуўся дамоў, хоча найперш памыцца і пагаварыць з блізкімі. Але ён адзначае, што «вайна супраць крыжоў» відавочная.

Статкевіч мяркуе, што ягоны арышт, як і арышт аднаго зь лідэраў Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Паўла Севярынца, мог быць зьвязаны з плянамі ўладаў абвясьціць датэрміновыя прэзыдэнцкія выбары. Але занадта нэгатыўная рэакцыя грамадзтва і замежных палітыкаў (у тым ліку польскіх) на крыжалом у Курапатах і зьмена ўлады ў Судане і ва Ўкраіне прывялі да таго, мяркуе Статкевіч, што датэрміновых прэзыдэнцкіх выбараў не абвясьцілі.

Ці браць удзел у парлямэнцкіх выбарах, якія Лукашэнка хоча правесьці 7 лістапада, Статкевіч рашэньня ня мае: гэта будуць вырашаць супольна ў межах «Беларускага нацыянальнага кангрэсу» і партыі «Народная грамада», кажа ён.

Радыё Свабода