Мікалай Статкевіч. “Месца Беларусі ў глабальным свеце”
У папярэднім артыкуле «Кансалідацыя нацыі» былі выкладзеныя перадумовы перахода нашай краіны да дэмакратыі без глыбокіх гвалтоўных унутраных канфліктаў. Мы можам і павінны здабыць сабе палітычную і эканамічную свабоду, забяспечыць умовы для захавання і паспяховага развіцця сваёй краіны. Але, як напоўніцу скарыстацца гэтымі ўмовамі, не дапусціць дэградацыі і знікнення Беларусі ў доўгатэрміновай перспектыве?
Не вельмі вялікая краіна можа выжыць і быць паспяховай у глабальным свеце толькі тады, калі яна будзе патрэбнай і цікавай гэтаму свету, калі здолее прапанаваць яму свой важны і ўнікальны ўнёсак. Дык што можа прапанаваць свету Беларусь?
1. Рэгіянальная і глабальная бяспека
Вельмі важкім можа быць наш унёсак у рэгіянальную і глабальную бяспеку.
Гледзячы па ўсім, расійска-украінскі канфлікт – гэта надоўга. Расія не можа вярнуць Крым, Украіна – скарыцца з гэтым. Беларусь магла б адыграць ролю актыўнага пасярэдніка і прыміральніка у канфлікце паміж культурна найбольш блізкімі да нас суседнімі нам народамі.
Анэксія Крыма, таксама, доўга будзе крыніцай напружанасці паміж Расіяй і краінамі NATO. Беларусь магла б стаць бар’ерам паміж гэтымі сіламі, каб не дапусціць патэнцыйна вельмі небяспечнага непасрэднага кантакта паміж іх войскамі на самым важным накірунку мажлівага ўзброенага канфлікту.
Нават сённяшні марыянеткавы беларускі рэжым гаворыць пра сябе, як «донара рэгіянальнай бяспекі». Але выканаць гэту функцыю ён не можа з-за гіпертрафіраванай залежнасці ад аднаго з бакоў канфлікта – Расіі, ва ўсіх сферах: эканамічнай, палітычнай, вайсковай, інфармацыйнай і культурнай. Яго «донарства» абмяжоўваецца толькі прадстаўленнем месца для перамоў.
Дасягнуць геапалітычнага балансу і вайсковага нейтралітэту, каб зрабіцца сапраўдным донарам бяспекі для рэгіёна і ўсяго свету, можа толькі паспяховая дэмакратычная Беларусь.
2. Сусветная эканоміка
Каб знайсці сваё месца ў глабальнай эканоміцы, мы павінны цвяроза ўзважыць свае моцныя і слабыя бакі, даць свабоду ініцыятыўным і дасведчаным людзям скарыстаць лепшыя якасці нашай нацыі для прасоўвання на сусветны рынак сваёй прадукцыі.
Беларусы – дастаткова арганізаваны, законапаслухмяны і адукаваны народ, здольны да творчасці ў самых розных сферах дзейнасці. Прэстыж вышэйшай адукацыі і адсотак атрымаўшых яе ў нашым грамадстве вельмі высокі. Можна спрачацца пра якасць гэтай адукацыі, але ў любым выпадку яна спрыяе росту інтэлектуальнага патэнцыялу грамадства.
Беларусь падрыхтаваная да паскарэння ў развіцці эканомікі ведаў, прадукт якой можа быць канкурэнтным у свеце. Але такая эканоміка патрабуе
эканамічнай і творчай свабоды. Бо ніякія нарады чыноўнікаў не здолеюць вызначыць прарыўныя накірункі, а ніякія дырэктывы не прымусяць стварыць канкурэнтны на сусветным рынку прадукт. Толькі вольная, асабіста высока матываваная творчасць грамадзянаў здольная прынесці нам поспех у глабальнай канкурэнтнай барацьбе.
Сённяшні рэжым, з яго спробамі кантраляваць і рэгуляваць усе сферы чалавечай дзейнасці, з’яўляецца галоўнай перашкодай для такога поспеху.
3. Сусветная культура
Наш унёсак у сусветную культуру можа быць не толькі ў традыцыйных мастацтвах — літаратуры, выяўленчым мастацтве, музычнай творчасці, кінематографе. Хоць і ў іх Беларусі ёсць чым ганарыцца. Але, як народ, мы можам быць цікавыя іншым народам сваёй унікальнасцю — традыцыйнай культурай, нематэрыяльнай і матэрыяльнай спадчынай, мовай.
Таксама мы можам прапанаваць свету прыклад нашай культуры ўзаемаадносін. Найперш, гэта не дыскрэдытаваная каланіяльнай ці неакаланіяльнай спадчынай павага да людзей розных рас, нацый, рэлігій і сацыяльных слаёў. Цярпімасць да адрозных ад уласнага поглядаў. Спагада да людзей у бядзе.
Разумею, што жыхарам нашай краіны тут адразу прыгадаюцца негатыўныя прыклады чалавечых адносін. Але яны ёсць у любой краіне. Пытанне толькі ў прапорцыях. Таму давайце паверым іншаземцам, якія ведаюць шмат краінаў – нам ёсць што прапанаваць тут сусветнай культуры ў шырокім яе разуменні.
Праўда, беларускі рэжым не толькі абмяжоўвае творчую свабоду ў класічнай культуры, знішчае культурную самабытнасць нашай нацыі. Ён яшчэ і распальвае горшыя пачуцці ў грамадстве – сацыяльную зайдрасць, нянавісць да носьбітаў іншых поглядаў і нават цэлых краінаў. Урэшце, рэжым самім фактам свайго існавання дыскрэдытуе ўсё, што сыходзіць ад нашага народа, ствараючы пра нас уражанне, як пра нацыю рабоў.
Беларусь мае шанцы быць паспяховай у свеце. Але рэалізаваць гэтыя шанцы яна здолее толькі тады, калі здолее вызваліць сябе з-пад ганебнага панавання незаконнага і архаічнага рэжыму.
Мікалай Статкевіч, 28 кастрычніка 2017 года