Навіны

У цэнтры ўвагі ААН сёньня – палітвязьні ў Беларусі

Інтэрактыўны дыялёг пра сытуацыю ў Беларусі пачаўся у другой палове дня і працягнецца заўтра. Напярэдадні ў ААН прайшлі кансультацыі па рэзалюцыі аб сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, галасаваньне па якой адбудзецца напрыканцы гэтай сэсіі. Рэзалюцыя, якая заклікае да неадкладнага і безумоўнага вызваленьня ўсіх палітвязьняў у Беларусі і патрабуе ўвядзеньня пасады спэцдакладчыка ААН мае моцную падтрымку з боку болей як 20 краін-чальцоў Рады. Неназваная крыніца з дэлегацыі ЭЗ паведаміла сёньня, што існуе моцная ўпэўненасьць у тым, што рэзалюцыя будзе прынятая бальшынёй галасоў.

Інтэрактыўны дыялёг распачала Вярхоўны камісар ААН у правам чалавека Наванэтхэм Пілэй, якая падрыхтавала раней справаздачу па Беларусі, і заклікала ўлады Беларусі супрацоўнічаць зь яе офісам і дапусьціць яе экспэртаў у Беларусь.

Беларускі прадстаўнік Міхаіл Хвастоў, які па існуючых правілах атрымаў слова адразу пасьля Вярхоўнага камісара, заявіў, што Беларусь — дэмакратычная краіна і сытуацыя з правамі чалавека там значна лепшая, чым у заходнеэўрапейскіх краінах, якія крытыкуюць Беларусь. Беларусь не прызнала справаздачу Вярхоўнага камісара ААН па Беларусі і назвала яе не адпаведнай праўдзе. Што да перасьледу за падзеі 19 сьнежня 2010 году, то беларускі прадстаўнік заявіў у ААН, што пакараныя былі толькі хуліганы і крымінальныя элемэнты.

«Справаздача – прыклад найгоршай практыкі працы офіса Вярхоўнага камісара ААН. У ЭЗ – свае мэты і задачы, адна зь якіх – зьмяніць урад у Беларусі», – заявіў беларускі прадстаўнік у ААН.

Прадстаўнік Расеі назваў справаздачу Вярхоўнага камісара ААН «контрпрадуктыўнай», заснаванай на «сумнеўных крыніцах», заявіў, што яна «скажае падзеі у Беларусі», а сёньняшняе абмеркаваньне мае «замоўны, палітазаваны характар» і «служыць мэтам пэўнай групы дзяржаваў». Прадстаўнік місіі Расеі падкрэсьліў, што Беларусь выдатна супрацоўнічае з офісам Вярхоўнага камісара, а ініцыятывы ЭЗ накіраваныя на ізаляцыю Беларусі і такі падыход «вядзе Раду ў правах чалавека ў тупік».

Прадстаўніца дэлегацыі ЭЗ заявіла: «ЭЗ застаецца сур’ёзна заклапочаным сытуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі, арыштам актывістаў, перасьледам незалежных журналістаў». Прадстаўніца дэлегацыі ЭЗ нагадала ў сваім выступе нядаўні паўторны арышт журналіста Андрэя Пачобута, а таксама перасьлед праваабаронцаў, якія супрацоўнічаюць з ААН, у іх ліку прысуд Алесю Бяляцкаму. Пра перасьлед журналістаў і праваабаронцаў, пра беларускіх палітвязьняў згадвалі у сваіх выступах і прадстаўнік Нямеччыны, і іншых краін ЭЗ.

Дэлегацыя ЭЗ падкрэсьліла, што сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі патрабуе пастаяннай увагі і вымагае неадкладнага ўвядзеньня пасады спэцдакладчыка ААН па Беларусі.

Прадстаўнік Польшчы распавёў пра абставіны перасьледу журналіста Андрэя Пачобута і адзначыў, што гэта толькі адзін прыклад шматлікіх парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі, перасьледу праваабарончых НДА, якія супрацоўнічаюць з ААН.

Неўзабаве па сытуацыі ў Беларусі будуць выступаць Вялікая Брытанія, Швэйцарыя, Бахрэйн, Нарвэгія, ЗША, Харватыя, Азэрбайджан, Віетнам, Галяндыя, Куба, Гішпанія, а таксама краіны Лацінскай Амэрыкі і Афрыкі.

Таццяна Поклад

Радыё Свабода