ВідэаВыбары

Статкевіч наведаў пікет Тамары Зайцавай у Калінкавічах. Яна тлумачыць, чаму ідзе на выбары

Працягваецца кампанія вылучэння кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. У Калінкавічах пікет для збору подпісаў на карысць Тамары Зайцавай наведаў экс-кандыдат на прэзідэнта Мікола Статкевіч.

«У нас няма выбараў, але ёсць выбарчыя працэдуры, якія дазваляюць нам сабрацца тут разам і стаяць, і працаваць. І мы хочам выкарыстаць працэдуры максімальна», – тлумачыць «Белсату» Мікола Статкевіч.

Тамара Зайцава ў Калінкавічах вядомая змаганнем з карупцыяй у сілавых структурах.

«Стамілася змагацца з тым бязмежжам, якое творыцца ў нашым горадзе, міліцэйскім, чынавецкім», – патлумачыла «Белсату» прычыны ўдзелу ў выбарах прэтэндэнтка на кандыдата ў дэпутаты.

Мясцовыя жыхары актыўна падыходзілі да пікету, ставілі подпісы і выказвалі тое, што іх найбольш турбуе:

«Я хачу, каб змянілася ўлада і каб просты народ жыў па-чалавечы».

«Каб зямлю не аддавалі кітайцам, каб зямля, палі, лясы належалі беларускаму народу».

«Калі выбары будуць праходзіць без адкрытасці ды галоснасці, мы будзем мець справу з крымінальнаю групоўкай, якая захапіла ўладу неканстытуцыйным шляхам».

YouTube player

Пікет месціўся побач з усебеларускім фестывалем народнага гумару «Аўцюкі», які сёння прайшоў у Калінкавічах, гэткім чынам удалося сабраць большую колькасць подпісаў дзеля падтрымання кандыдаткі.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»