Экспертнае заключэнне аб нерэгістрацыі ініцыятыўных груп Мікалая Статкевіча і Аляксея Міхалевіча
Кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары» лічыць, што акруговыя выбарчыя камісіі парушылі выбарчае заканадаўства, адмовіўшы ў рэгістрацыі ініцыятыўных груп па вылучэнні кандыдатамі ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Мікалая Статкевіча і Алеся Міхалевіча.
У экспертным заключэнні адзначаецца наступнае.
Падставай для адмовы ў рэгістрацыі ініцыятыўных груп па вылучэнні кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Статкевіча М.В. паслужылі звесткі аб адбыванні ім пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі ў турме № 4 УДВП МУС Рэспублікі Беларусь па Магілёўскай вобласці. У пастановах камісіі спасылаюцца на парушэнне ініцыятыўнымі групамі выбарчага заканадаўства (частка другая арт.65 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь (ВК)).
Падставай для адмовы ў рэгістрацыі ініцыятыўных груп па вылучэнні кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Міхалевіча А.А. сталі звесткі аб тым, што ён не пражывае ў Рэспубліцы Беларусь.
Старшыня Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Ярмошына Л.М. заявіла аб спробах ўдзелу ў кампаніі асоб, якія асуджаныя і знаходзяцца ў месцах зняволення ці знаходзяцца ў бягах. Сакратар Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лазавік М.І. заявіў, што не могуць вылучацца кандыдатамі ў дэпутаты Мікалай Статкевіч, які знаходзіцца ў зняволенні, Аляксей Міхалевіч, які ўцёк з краіны.
Часткай другой артыкула 4 ВК і артыкулам 64 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь устаноўлены абмежаванні выбарчага права: у выбарах не ўдзельнічаюць грамадзяне, прызнаныя судом недзеяздольнымі, асобы, якiя ўтрымлiваюцца па прыгавору суда ў месцах пазбаўлення волі. У галасаванні не прымаюць удзелу асобы, у дачыненні да якіх у парадку, устаноўленым крымінальна-працэсуальным заканадаўствам, выбрана мера стрымання – утрыманне пад вартай.
У адпаведнасці з артыкулам 65 ВК, вылучэнне кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў шляхам збору подпісаў выбаршчыкаў ажыццяўляецца групай выбаршчыкаў (ініцыятыўнай групай) у колькасці не менш за 10 чалавек. Спіс сябраў ініцыятыўнай групы з указаннем яе кіраўніка разам з заявай аб рэгістрацыі групы падаецца ў адпаведную акруговую, тэрытарыяльную выбарчую камісію не пазней, чым за 65 дзён да выбараў асобай, якая мае намер вылучыцца кандыдатам у дэпутаты. У спісе паказваюцца прозвішча, імя і імя па бацьку, дата нараджэння, пасада (занятак), месца працы і месца жыхарства, партыйнасць асобы, якая прапануецца для вылучэння кандыдатам у дэпутаты, а таксама прозвішча, імя і імя па бацьку, дата нараджэння, месца жыхарства кожнага сябра групы і яе кіраўніка. Акруговая, тэрытарыяльная выбарчая камісія ў пяцідзённы тэрмін разглядае заяву, рэгіструе ініцыятыўную групу і выдае сябрам ініцыятыўнай групы адпаведныя пасведчанні і падпісныя лісты для збору подпісаў выбаршчыкаў у падтрымку асобы, якая прапануецца для вылучэння кандыдатам у дэпутаты (далей – падпiсны лiст). У рэгістрацыі ініцыятыўнай групы адмаўляецца ў выпадку парушэння патрабаванняў Выбарчага кодэкса.
Такім чынам, вылучэнне кандыдата ў дэпутаты і зварот за рэгістрацыяй у якасці суб\’екта выбарчага працэсу (ініцыятыўнай групы) – гэта форма рэалізацыі грамадзянамі права на ўдзел у выбарах. Абмежаванне такога права павінна быць, як мінімум, заснавана на законе. Рашэнне акруговай выбарчай камісіі павінна быць матывавана.
У адпаведнасці з артыкулам 57 ВК, дэпутатам Палаты прадстаўнікоў можа быць абраны грамадзянін Рэспублікі Беларусь, які дасягнуў 21 года, пастаянна пражывае ў Рэспубліцы Беларусь.
Абмежаванні ў выбарчым праве Статкевіча М.В. паказаныя ў законе. Разам з тым, камісіі адвольна абмежавалі правы грамадзян, якія аб\’ядналіся ў ініцыятыўныя групы, паколькі забарона на іх рэгістрацыю выведзена з адвольнага і неафіцыйнага тлумачэння артыкулаў 64 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і артыкулаў 4 і 65 ВК, а таму з\’яўляецца незаконнай. Напрамую такога роду абмежаванні Выбарчым кодэксам не прадугледжаныя.
Парушэнняў Выбарчага кодэкса ініцыятыўныя групы не дапускалі.
Фактычна, сваімі рашэннямі акруговыя выбарчыя камісіі абмежавалі права не Статкевіча М.В. і Міхалевіча А.А., а грамадзян, якія аб\’ядналіся ў ініцыятыўныя групы. Акруговыя выбарчыя камісіі таксама не ўлічылі, што падставы ў адмове рэгістрацыі Статкевічу М.В. могуць адпасьці да моманту рэгістрацыі яго кандыдатам у дэпутаты. Заканадаўства Рэспублікі Беларусь прадугледжвае магчымасць вызвалення ад адбыцця пакарання са здыманнем судзімасці, таксама Статкевіч М.В. можа быць апраўданы ў парадку нагляднай судовай вытворчасці. У выпадку ж, калі такія падставы не адпадуць, акруговыя выбарчыя камісіі павінны адмовіць у рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты ўжо Статкевічу М.В.
Правамернасць адмовы ў рэгістрацыі ініцыятыўных груп па вылучэнні кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Міхалевіча А.А. у сувязі з тым, што той не пражывае пастаянна на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, варта ацэньваць з улікам Рашэння Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 15 чэрвеня 2001 г. № Р-120/2001 «Аб прававой пазіцыі Канстытуцыйнага Суда адносна выкарыстоўваемага ў артыкуле 80 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь паняцця «грамадзянін Рэспублікі Беларусь, які пастаянна пражывае ў Рэспубліцы Беларусь».
Названым рашэннем пастаноўлена, што пры вызначэнні месца сталага пражывання трэба ўлічваць не толькі месца фактычнага знаходжання асобы ў той ці іншы перыяд часу (у Рэспубліцы Беларусь або за яе межамі), але і яго намер мець дадзенае месца ў якасці месца свайго пастаяннага пражывання. Змест гэтага паняцця прадвызначаецца мэтамі выезду (выбыцця) за межы Рэспублікі Беларусь: ці з\’яўляецца выезд часовым або гэта выбыццё на пастаяннае месца жыхарства ў іншую дзяржаву. У карысць часовага характару знаходжання за межамi Рэспублiкi Беларусь i захавання Рэспублікі Беларусь у якасці месца пастаяннага пражывання, на думку КС, сведчаць такія абставіны, як захаванне грамадзянства, адсутнасць аформленага выезду на пастаяннае месца жыхарства ў іншую дзяржаву, атрыманне прытулку ў замежнай дзяржаве.
Такім чынам, адмова ў рэгістрацыі ініцыятыўных груп па вылучэнні кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Міхалевіча А.А. незаконная па двух прычынах: у сувязі з парушэннем правоў выбаршчыкаў, якія аб\’ядналіся ў групу для яго вылучэння, і ў сувязі з парушэннем правоў Міхалевіча А.А.
Парушэнне выбарчага права Міхалевіча А.А. звязана з адвольным тлумачэннем выбарчымі камісіямі паняцця «грамадзянін Рэспублікі Беларусь, які пастаянна пражывае ў Рэспубліцы Беларусь» насуперак Вырашэнню Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь. Варта адзначыць, што ініцыятарам звароту ў Канстытуцыйны суд Рэспублікі Беларусь з\’яўлялася сама Цэнтральная камісія Рэспублікі Беларусь, якая пасля рашэння суда кіравалася яго тлумачэннем.
На падставе выкладзенага лічым,што рашэнні акруговых выбарчых камісій па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання аб адмове ў рэгістрацыі груп грамадзян (ініцыятыўных груп) па вылучэнні кандыдатамі ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Статкевіча М.В. у сувязі з тым, што ён адбывае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі, і Міхалевіча А.А. у сувязі з тым, што ён не пражывае пастаянна на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, супярэчаць выбарчаму заканадаўству Рэспублікі Беларусь.