Мікалай Статкевіч: Успрымаю гэта, як праяву салідарнасці са мной
Мікалай Статкевіч звярнуўся са словамі ўдзячнасці да тых, хто падтрымаў яго і увайшоў у склад ініцыятыўных групаў па яго вылучэнні. Аб гэтым паведаміла жонка палітзняволенага кандыдата у прэзідэнты на мінулых выбарах Марына Адамовіч.
“Успрымаю ўсё гэта, як праяву салідарнасці са мной. Дзякуй усім, хто займаўся гэтым ” – напісаў кандыдат ў прэзідэнты на мінулых выбарах, палітвязень Мікалай Статкевіч.
Тры акруговыя камісіі з Магілёва даслалі свае рашэнні аб адмове ў рэгістрацыі ініцыятыўных груп непасрэдна ў турму. Першае было выдадзена Мікалаю, з двума наступнымі яму далі толькі азнаёміцца і забралі. Але ён паспеў заўважыць, што тэксты ўсё-роўна аднолькавыя, – адзначыла жонка.
Мікалай Статкевіч, як і праваабаронцы, лічыць, што камісіямі было парушана выбарчае заканадаўства. “Па – першае, камісія павінна была аналізаваць склад ініцыятыўнай групы на адпаведнасць выбарчаму кодэксу, а не кандыдата. Кандыдат вывучаецца, калі ўжо прынесены ўсе дакументы на яго вылучэнне, у тым ліку – болей за 1000 подпісаў. Рабіць нейкія запыты ў МУС зараз камісія не мела права”, – напісаў палітвязень.
Ён ўзгадаў, што у 2008 годзе ў аналагічнай сітуацыі акруговая камісія прыняла супрацьлеглае рашэнне, таксама спасылаючыся на заканадаўства. Тады камісія зарэгістравала ініцыятыўную групу па вылучэнні Мікалая Статкевіча кандыдатам, не зважаючы на яго судзімасць ( у 2005 годзе Мікалай Статкевіч быў асуджаны да 3-х год абмежавання волі за акцыі пратэсту супраць зняцця абмежаванняў на колькасць прэзідэнцкіх тэрмінаў). Пры гэтым яму паведамілі, што асоба кандыдата будзе разглядацца, калі ён прынясе 1000 подпісаў, “а зараз – рана”.
Такім чынам, нервовая рэакцыя, якую выклікала вылучэнне Мікалая Статкевіча і Алеся Міхалевіча – двух кандыдатаў у прэзідэнты на мінулых выбарах, у чарговы раз паказала, што, людзі, якія павінны стаяць на варце закона, трактуюць яго ў адпаведнасці са сваімі патрэбамі,штораз па-новаму