Мікалай Статкевіч: Спрабавалі справакаваць канфлікт, нахабна і груба недадаючы "пайку"
Мікалай Статкевіч патрабуе ад турэмшчыкаў выкананьня нормаў харчаваньня вязьняў.
Аб гэтым стала вядома з ліста, дасланага жонцы. «Напісаў, што стварылася ўражанне, што “спрабавалі справакаваць яго на канфлікт, нахабна і груба не дадаючы „пайку““. На канфлікт ён не пайшоў, але зараз думае, што рабіць з тым, што харчаваньне абсалютна не адпавядае норме, вызначанай Пастановай Саўміна ад 19.06.2010 года №932. Піша: „Урэшце рэшт, калі не перавядуць на агульны рэжым, каб сам падкарміўся, то хай аддадуць тое, што мне належна і нават мной аплачваецца з пэнсіі.“ Паведаміў, што на камісіі, калі яму працягвалі строгі турэмны рэжым, ён “публічна патлумачыў, што ўзяць грошы за ежу і рэчы, а потым іх не даць – значыць гэтыя грошы”. “І дзе мае 250 грамаў гародніны штодня?“– задае рытарычнае пытанне палітвязень А мне сапраўды вядома, што ў турме ежы не дадаюць, а падсілкавацца немагчыма, бо права на харчовыя перадачы ён таксама не мае».
Нагадаем, што былога кандыдата на прэзыдэнта Мікалая Статкевіча асудзілі за Плошчу на 6 гадоў зьняволеньня і ў пачатку года перавялі са Шклоўскай калёніі ў крытую турму ў Магілёў, як злоснага парушальніка рэжыму. Улетку Статкевічу працягнулі строгі рэжым утрымання ў турме.