Выбарчая кампанія: першыя ацэнкі праваабаронцаў
Ініцыятыва «Праваабаронцы за свабодныя выбары» апублікавала справаздачу па выніках назірання за рэгістрацыяй ініцыятыўных групаў і зборам подпісаў. Выбарчыя камісіі адмовілі ў рэгістрацыі рэкорднай колькасці ініцыятыўных групаў.
Выбарчыя камісіі адмаўляюць часцей
25 ліпеня скончылася рэгістрацыя ініцыятыўных групаў для збору подпісаў за вылучэнне кандыдатаў. Паводле ЦВК, у акруговыя камісіі паступілі 440 заяваў на рэгістрацыю. Зарэгістравалі 352 ініцыятыўныя групы, якія плануюць вылучыць 330 асобаў (некаторыя прэтэндэнты рэгістравалі некалькі ініцыятыўных групаў у розных акругах).
Адмову атрымалі ажно 85 групаў, што ў адсоткавых адносінах амаль у 4 разы перавышае колькасць адмоваў на мінулых парламенцкіх выбарах.
Год правядзення выбараў |
Пададзена заявак |
Адмоўлена ў рэгістрацыі |
Зарэгістравана |
% адмовы |
2004 |
635 |
71 |
564 |
11% |
2008 |
455 |
23 |
423 |
5% |
2012 |
440 |
85 |
354 |
19% |
Дадзеныя http://spring96.org/
Выбарчыя камісіі адмовілі ў рэгістрацыі рэкаорднай колькасці ініцыятыўных групаў. Фота bymedia.net
Нягледзячы на гэта, паводле праваабаронцаў, няма падставаў канстатаваць большую колькасць адмоваў асобам, якія маюць намер быць вылучанымі. У гэты раз адмовілі толькі 15 прэтэндэнтам. Вялікая колькасць ініцыятыўных групаў, якія не атрымалі рэгістрацыі, тлумачыцца яшчэ і тым, што групы Мікалая Статкевіча і Алеся Міхалевіча спрабавалі зарэгістравацца адразу ў некалькіх акругах.
Кожны пяты – партыец
З 330 асобаў, якіх планавалася вылучыць у якасці кандыдатаў у дэпутаты, 66 чалавек уваходзяць у палітычныя партыі. Апазіцыйныя партыі зарэгістравалі ўсяго 57 ініцыятыўных групаў:
- партыя левых «Справядлівы свет» – 26 ініцыятыўных групаў,
- ПБНФ – 18,
- АГП – 4,
- БСДП(Г) – 9,
- Беларуская партыя «Зялёныя» – 1.
Неапазіцыйныя партыі зарэгістравалі: Камуністычная партыя Беларусі – 5 ініцыятыўных групаў, Беларуская аграрная партыя – 1, Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці – 1.
Групы Статкевіча і Міхалевіча вырашылі не рэгістраваць
Старшыня ЦВК патлумачыла прычыну адмовы ў рэгістрацыі ініцыятыўным групам Мікалая Статкевіча і Алеся Міхалевіча. Паводле Лідзіі Ярмошынай, Статкевіч не парадаваў ніякіх лістоў у выбарчыя камісіі праз адміністрацыю папраўчай установы, у якой ён адбывае тэрмін зняволення паводле крымінальнай справы, а Міхалевіч пададзены ў міжнародны вышук. Дакументы на рэгістрацыю ягонай ініцыятыўнай групы падаваліся з пратэрмінаванаю даверанасцю.
Паводле праваабаронцаў, у гэтым выпадку былі парушаныя правы грамадзянаў, якія выступілі з ініцыятываю вылучэння ў кандыдаты гэтых палітыкаў. Акруговыя выбарчыя камісіі не ўлічылі, што падставы для адмовы ў рэгістрацыі Мікалая Статкевіча могуць адпасці да моманту рэгістрацыі яго кандыдатам у дэпутаты. (Напрыклад, заканадаўства Беларусі прадугледжвае магчымасць вызвалення ад адбыцця пакарання са зняццем судзімасці ці апраўданне ў парадку нагляднай судовай вытворчасці). У выпадку, калі такія падставы не адпадуць, камісіі павінны адмовіць у рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты ўжо менавіта Мікалаю Статкевічу.
Парушэнні падчас збору подпісаў
Палітыкі карысталіся магчымасцю праводзіць пікеты каб прыцягнуць увагу выбарцаў. Фота bymedia.net
Ініцыятыва «Праваабаронцы за свабодныя выбары» канстатуе, што ў шмат якіх выпадках падчас збору подпісаў быў задзейнічаны адміністрацыйны рэсурс. Напрыклад, у Слуцку на прадпрыемствах «Слуцкміжрайгаз» і «Слуцкі мясакамбінат» арганізавалі збор подпісаў за дзейнага дэпутата Інэсу Кляшчук. У Берасці ў гарадской паліклініцы № 6 пацыентам на прыёме прапаноўвалі падпісацца ў падтрыманне праўладнага вылучэнца Валянціна Мілашэўскага. У Наваполацку ў падтрыманне старшыні гарадскога аддзялення РГА «Белая Русь» Вадзіма Дзевятоўскага дырэктар аднаго з гарадскіх рынкаў збірала подпісы ў прадпрымальнікаў, якія арэндуюць месцы на гэтым рынку.
Зафіксаваныя факты, калі адміністрацыі прадпрыемстваў і ўстановаў забаранялі сваім падначаленым падтрымліваць вылучэнне апазіцыйнага кандыдата ў дэпутаты або патрабавалі спыніць удзел у адпаведнай ініцыятыўнай групе.