Навіны

Нямецкія сацыял-дэмакраты супраць беларускага спецназу

Фракцыя апазіцыйнай Сацыял-дэмакратычнай партыі ў нямецкім бундэстагу будзе ініцыяваць слуханні ў парламенцкім камітэце па ўнутраных справах адносна супрацоўніцтва спецпадраздзяленняў паліцыі Германіі з беларускай міліцыяй.

Такую заяву зрабіў афіцыйны прадстаўнік фракцыі па пытаннях унутраных спраў Міхаэль Хартман, паведамляе газета Bild. Размова ідзе пра нямецкія падраздзяленні гэтак званай паліцыі гатоўнасці (Bereitschaftspolizei), якая прыцягваецца ў выпадках масавых беспарадкаў, катастроф, пошукавых аперацый, футбольных матчаў і інш.

“Міністр унутраных спраў Фрыдрых павінен даць справаздачу камітэту па ўнутраных справах. Ён павінен растлумачыць, ці сапраўды і на якой падставе становішча спраў ўтойвалася ад парламента і ці сапраўды Міністэрства ўнутраных спраў свядома дэзінфармавала парламент”, — сказаў Хартман.

Яшчэ летам 2010 года ў МЗС Германіі ўзніклі вялікія сумненні адносна наладжанага ў 2008 годзе супрацоўніцтва паліцыі з беларускім бокам. У адрас паліцыі гатоўнасці па электроннай пошце былі адпраўленыя “розныя крытычныя пытанні”, на якія былі атрыманыя “невыразныя адказы”, паведамляе Bild.

Газета зазначае, што бундэстаг практычна знаходзіўся ў няведанні адносна паліцэйскага супрацоўніцтва з Мінскам. Па запыце Левай партыі ў канцы 2011 года МУС патлумачыў, што супрацоўніцтва ажыццяўлялася перш за ўсё ў сферы забеспячэння бяспекі падчас “вялікіх спартыўных мерапрыемстваў”, паколькі ў 2014 годзе ў Беларусі павінен прайсці чэмпіянат свету па хакеі. МУС адмаўляў трэніроўкі беларускай міліцыі, “вядомай сваімі жорсткімі дзеяннямі”, і заявіў, што супрацоўніцтва было спыненае ў канцы 2010 года. Аднак, паводле звестак Bild, да кастрычніка 2011 года адбыліся яшчэ чатыры семінары: два ў Германіі і два ў Беларусі. Неназваны прадстаўнік МУС Германіі растлумачыў, што размова ідзе пра давядзенне да канца распачатых раней сумесных праектаў. Паводле яго слоў, адзінкавыя лакальныя кантакты працягваюцца дагэтуль.

Газета паведамляе, што ў жніўні 2010 года ў Германіі праходзілі падрыхтоўку “як мінімум адзін маёр і адзін капітан”, і адной з задач было навучанне разгону буйных дэманстрацый і мэтанакіраванаму затрыманню галоўных дзейных асоб.

Паводле інфармацыі выдання Der Tagesspiegel, у лістападзе 2010 года беларускім сілавікам было дазволена назіраць за дзеяннямі нямецкіх паліцэйскіх падчас разгону дэманстрантаў, якія пратэставалі супраць транспарціроўкі цягніком “Кастар” радыеактыўных адходаў у сховішча Гарлебен (Ніжняя Саксонія). Тады прымяняліся вадамёты, слёзатачывы газ і гумавыя дубінкі. У цэлым з нямецкай дапамогай падрыхтоўку ў Германіі і на радзіме прайшлі агульным лікам 500 супрацоўнікаў беларускіх праваахоўных органаў.

“Калі апазіцыянеры ў Мінску зноў будуць збітыя дубінкамі сіл бяспекі Лукашэнкі, прынамсі, мы будзем ведаць, дзе беларуская міліцыя ўдасканальвала сваё рамяство”, — заявіў эксперт па ўнутраных справах фракцыі Левай партыі ў бундэстагу Ян Кортэ, паведамляе Der Spiegel.

Нямецкія СМІ зазначаюць, што федэральная паліцыя і крымінальная служба з 2008 года навучалі беларускіх калег, у тым ліку пагранічнікаў, па распараджэнні ўрада канцлера Ангелы Меркель. Пры гэтым МУС Германіі ўзгадняў дзеянні з МЗС. Супрацоўніцтва пачалося пасля таго, як Мінск “даў сігнал гатоўнасці да прававых рэформ”, і мела на мэце “спрыяць дэмакратычнай і прававой свядомасці”. У ліпені 2012 года быў адпраўлены ў адстаўку шэф нямецкай паліцыі Матыяс Зеегер. Сярод іншага яму ставіліся ў віну кантакты з беларускім урадам.

24 жніўня гэтага года прэс-сакратар урада ФРГ Штэфен Зайберт заявіў, што доўгатэрміновае супрацоўніцтва з Беларуссю мела тады “дапушчальныя падставы”. Паводле яго слоў, у сваіх дзеяннях нямецкая паліцыя, “наколькі гэта магчыма”, заўсёды імкнецца да зняцця напружанасці і ненасільных метадаў.

Прадстаўнік МУС Германіі заявіў у інтэрв\’ю Der Spiegel, што з 1 студзеня 2007 года па 25 лістапада 2010 года падчас пяці мерапрыемстваў былі навучаныя ўвогуле 77 супрацоўнікаў пагранічнай службы і 16 супрацоўнікаў службаў бяспекі з Беларусі. Падрыхтоўка мела на мэце павысіць узровень беларускіх калег да стандартаў Еўрасаюза.

Дзмітрый Уласаў, БелаПАН.