Навіны

Дзень вайсковай славы (Белсат ТВ)

8 верасня Менск адзначыў 945 гадоў з моманту першай згадкі гораду ў “Аповесці мінулых часоў”. Дзень вайсковае славы адсвяткавала грамадзянская супольнасць. 498 гадоў таму ў Воршы харугвы Вялікага княства Літоўскага разграмілі войска Маскоўскага княства. Ужо ў 1992-ім годзе – восьмага верасня – беларускія вайскоўцы прынялі прысягу на вернасць народу.

Глядзець відэа Дзень вайсковай славы (08.09.2012)

Святочныя імпрэзы ў сталіцы адбыліся ў кожным раёне гораду і працягнуцца заўтра ў парках Менску. Праўда, не ўсе жыхары сталіцы адзначаюць свята.

МІНАКІ:
“Мне вельмі сорамна, я не ведаю, якое сёння свята”.
“Лічу гэта найлепшым святам. У горадзе прыгожа, шмат людзей. Паўсюль столькі прыгожага!”
“Які дзень, якое свята? Нават і не ведаю, што сказаць. У мяне сёння праца, дом і больш нічога”. 
“Мне падаецца, што сённяшняе свята ўладамі створана штучна, таму адчуваецца адценне “саветчыны”.

Увогуле гісторыя святкавання Дня Менску распачалася ў 2001 годзе. Што да адцення “саветчыны”, то выявілася яно ў тым, што прадстаўнікі ўладаў распачалі свята ўскладаннем кветак… да абеліску “Менск – горад-герой”. 

АЛЕСЬ КРАЎЦЭВІЧ, ГІСТОРЫК:
“Прыкра, але сёння ідэалогія заснавана на Другой Сусветнай вайне. Пры гэтым для нашае краіны такая ідэалогія – фальшывая. Бо ў нашай гісторыі няма Вялікай Айчыннай вайны, але была трагедыя”.

Менавіта таму іншая гістарычная дата адзначаецца грамадзянскаю супольнасцю краіны. 8 верасня 1514 года харугвы на чале з Канстанцінам Астрожскім на Крапівенскім полі, што каля Воршы, разграмілі амаль утрая большае ў колькасці войска Маскоўскага княства.

АЛЕСЬ КРАЎЦЭВІЧ, ГІСТОРЫК:
“Перамога мела надзвычай моцны псіхалагічны эфект для ўсёй Еўропы. Яна шырокім розгаласам разышлася па Еўропе, трапіла ў хронікі, гімны, песні. Перамога падтрымала i нашу краіну: ВКЛ”.

Напрыканцы васьмідзясятых гадоў восьмага верасня ў краіне пачалі адзначаць Дзень беларускай вайсковай славы. У 1992 годзе ў чарговую гадавіну бітвы на плошчы Незалежнасці ў Менску беларускія афіцэры прынялі прысягу на вернасць краіне і народу.

Восьмага верасня 1992 года ў Менску прысягу прынялі 12 афіцэраў і 3 тысячы салдатаў запасу. Зміцер Бандарэнка, які пасля вызвалення з турмы перабывае ў Польшчы ды вымушаны прасіць тут палітычнага прытулку, таксама дваццаць гадоў таму прымаў прысягу на плошчы Незалежнасці.

ЗМІЦЕР БАНДАРЭНКА, ПАЛІТЫК:
“Для мяне гэта была рэальная прысяга. Прысяга беларускага грамадзяніна на вернасць незалежнай краіне. І з таго часу штогод калі была магчымасць, адзначаю гэта свята”.

Адным з арганізатараў прыняцця прысягі ў 1992 годзе быў Мікола Статкевіч, тады дзейны афіцэр. Сёлета палітык адзначае Дзень вайсковай славы ў крытай Магілёўскай турме. Былы кандыдат на прэзідэнцтва Мікалай Статкевіч адбывае 6 гадоў зняволення за арганізацыю мітынгу пратэсту супраць фальшавання вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 2010 года.

Сяргей Скулавец, “Аб\’ектыў”