Навіны

Мікалай Статкевіч сустрэўся з нямецкімі палітыкамі


Мікалай Статкевіч у Берліне прыняў удзел у канферэнцыі, прысвечанай падпісанню Усходніх дамоў паміж ФРГ і ГДР, а таксама сустрэўся з кіраўніком Сацыял-дэмакратычнай партыі Нямеччыны Зігмарам Габрыелем і кіраўніком фракцыі сацыял-дэмакратаў у Еўрапарламенце Марцінам Шульцам.

Па сховах кандыдата ў прэзідэнты, еўрапейскія палітыкі абсалютна цвяроза ўяўляюць перадвыбарчую сітуацыю ў Беларусі і выказвалі спадзяванне на пачатак дэмакратычных пераўтварэнняў пад ціскам грамадскасці:

– Я мусіў адну паездку ўсё ж такі зрабіць для сустрэчы з нямецкімі сацыял-дэмакратамі. Я быў ганаровым госцем канферэнцыі, прысвечанай 40-годдзю падпісання так званых усходніх дамоваў, калі ФРГ пад кіраўніцтвам Вілі Брандта пачала актыўную палітыку на ўсходзе, падпісала дамову з ГДР і прызнала яе. Канферэнцыя і прадстаўленне мяне як сацыял-дэмакратычнага кандыдата – гэта проста дэманстрацыя падтрымкі і мяне, і ўсіх дэмакратычных сілаў Беларусі з боку нямецкай сацыл-дэмакратыі.

Па словах Статкевіча, асноўным яго пасланнем да еўрапейскіх палітыкаў было жаданне перадаць саспеласць беларускага грамадства да дэмакратычных зменаў у сваёй краіне.

Кандыдат у прэзідэнты данёс да нямецкіх сацыял-дэмакратаў неабходнасць правядзення ў адносінах да афіцыйнага Мінска цвёрдай і упэўненай палітыкі і пры аказанні той ці іншай эканамічнай дапамогі дакладна фармаваць патрабаванні па дэмакратызацыі ўнутрыпалітычных працэсаў.

Барыс Гарэцкі, Радыё Рацыя
07.12.2010