Парушылі датэрмінова (22.09.2012)
Паводле афіцыйных звестак, кожны пяты беларус датэрмінова прагаласаваў на парламенцкіх выбарах. Пры гэтым Цэнтрвыбаркам не зафіксаваў аніякіх парушэнняў. Аднак кадры з фактамі магчымага подкупу выбарнікаў трапілі ў нашую рэдакцыю.
На гэтых кадрах – выбарчы ўчастак у менскай школе № 108. Тут кожны, хто прагаласаваў датэрмінова, мог разлічваць на падарунак ад выбарчай камісіі. Гэты пенсіянер, напрыклад, атрымаў 2 пакункі печыва. Падарункаў хапае.
“Гэта ў нас склад тут”. – “А, можа, вы выдаяце вадзічку?” – “Вуліцы Сталетава не даем вадзічкі, мы даем печыва”.
Каму печыва, каму вада ці джын-тонік, а каму і бутэлька піва.
МЯСЦОВАЯ ЖЫХАРКА:
“У 108-й школе калі галасуеш, то заўжды даюць падарункі. Не помню, што было летась, але цэлы мех падарункаў быў”.
Апазіцыйныя палітыкі называюць гэта папросту хабарам.
СЯРГЕЙ КАЛЯКІН, «ЗА СПРАВЯДЛІВЫЯ ВЫБАРЫ»:
“Я так разумею, разлічана на тое, што чалавек, прагаласаваўшы і атрымаўшы гэты пакет, пойдзе і распавядзе ўсім астатнім, што тут бясплатна даюць. І людзі пойдуць не для таго, каб галасаваць, а каб атрымаць пакеты”.
Але самыя распаўсюджаныя парушэнні – завышэнне яўкі выбарнікаў на паперы і прымус да датэрміновага галасавання. На адным з участкаў у Магілёве розніца між жывымі ды спіскавымі людзьмі, якія аддалі свой голас, – 16 разоў. Назіральнікі кажуць пра галасаванне за сваякоў, альбо без пашпарта. Скрыні з бюлетэнямі не заўжды ў бяспецы – як у Берасці.
НАЗІРАЛЬНІК:
“Участак для галасавання адчынены пасля 7-й гадзіны вечара. З камісіі нікога няма, доступ вольны”.
Хаця доступ да сябе выбарчыя камісіі бароняць. Журналістам на гэтых выбарах увогуле няпроста. Датэрміновае галасаванне пачалося са збіцця і затрымання рэпарцёраў.
Не шкадуюць і замежнікаў. Аўстралійскага тэлежурналіста Эймаса Робэртса затрымалі адразу ў аэрапорце. У яго без пратаколаў сканфіскавалі камеры, камп’ютар і нават смартфон. Мяжу не прайшлі адразу 4 шведскія журналісты – ім далі акрэдытацыю, але не далі візаў. Што ж, у Беларусі сваіх тэлевізійнікаў хапае.
ЖАН СОДЭЛЬ, КАНДЫДАТ У ДЭПУТАТЫ, ВЯДОЎЦА ОНТ:
“Абавязкова трэба прыходзіць на выбары і галасаваць. Ні ў якім разе нельга падтрымліваць байкоту, бо да яго, як правіла, заклікаюць тыя людзі, якія не так даўно заклікалі да эканамічных санкцыяў супраць нашай краіны”.
А тых, хто заклікае не да байкоту, а галасаваць за нязручнага кандыдата, “глушаць” вясёлымі песнямі ды танцамі.
ТАЦЦЯНА КАРАТКЕВІЧ, КАНДЫДАТКА Ў ДЭПУТАТЫ:
“Сёння яшчэ дзень агітацыі. Тут павінны былі быць дэбаты, дыскусіі, абмеркаванні. Агітацыя, а не канцэрты”.
БРСМ і “Белая Русь” арганізавалі побач са сталічнаю Камароўкаю канцэрт якраз каля фінальнага пікету кампаніі “Гавары праўду”.
ГАЛІНА ДОРАШ, ДЫРЭКТАРКА СВЯТКАВАННЯ:
“З траўня мы рыхтавалі гэтае свята, і да выбараў гэта не мае ніякіх адносінаў”.
Праўда, хлопцы з БРСМ пра гэта не ведаюць.
АКТЫВІСТ БРСМ:
“Гэта весела, свята беларускае. Выбары, мы агітуем на выбары ўсіх людзей”.
І агітацыя дае свой плён. Некаторыя грамадзяне не толькі ідуць галасаваць загадзя, але і бачаць у апазіцыі не палітычных апанентаў, а проста ворагаў.