Навіны

Офіс еўрадэпутата Мігальскага пачаў акцыю салідарнасці са Статкевічам і Дашкевічам

Офіс еўрадэпутата ад Польшчы Марэка Мігальскага 27 кастрычніка пачаў кампанію “Свабода x 2” — акцыю салідарнасці з двума беларускімі палітзняволенымі: кандыдатам у прэзідэнты на выбарах 2010 года Мікалаем Статкевічам і лідарам “Маладога фронту” (зарэгістраваны ў Чэхіі) Дзмітрыем Дашкевічам.

Раней Мігальскі браў шэфства над Дзмітрыем Бандарэнкам і Сяргеем Каваленкам, адзначаецца ў паведамленні офіса еўрадэпутата. Мігальскі “арганізаваў кампанію з мэтай вызваліць Бандарэнку і Каваленку, пастаянна нагадваючы пра іх на міжнароднай арэне”.

“На шчасце, абодвух вызвалілі з калоній, і цяпер яны знаходзяцца са сваімі сем\’ямі. Так, прыйшоў час аказаць дапамогу наступным вязням сумлення, патрабаваць вызвалення і рэабілітацыі тых, у каго цяпер найбольш цяжкае становішча”, — гаворццца ў прэс-рэлізе.

У рамках акцыі створаны сайт www.2free.eu, на якім можна знайсці інфармацыю аб становішчы Дзмітрыя Дашкевіча і Мікалая Статкевіча, аб дзеяннях, якія ажыццяўляе дэпутат, а таксама аб акцыях, арганізаваных яго офісам. На сайце размешчана петыцыя да кіраўнікоў дзяржаў — членаў ЕС, каб яны “нястомна нагадвалі аб тых беларускіх вязнях сумлення, якіх пераследуюць, уціскаюць і з якімі жорстка абыходзяцца ў калоніях”.

Разам з Мігальскім аўтарамі петыцыі сталі жонка Статкевіча Марына Адамовіч і нявеста Дашкевіча Анастасія Палажанка.

БелаПАН