Белсат скарачае вяшчаньне. Да новага году
Як паведаміла дырэктар незалежнага тэлеканалу Агнешка Рамашэўская-Гузы (нафота), з 26 лістапада мяняецца рэжым трансьляцыі каналу.
«Гэта ўжо другая зьмена сёлета. Цяпер жа ў вымушаны адпачынак сыдуць амаль усе рэгулярныя праграмы. Інфармацыі ня стане менш, але навіны будуць выходзіць у новым фармаце — без вядоўцы.
Гэтыя зьмены, на жаль, — вынік таго, што за 5 гадоў працы за даволі сьціплыя сродкі ўпершыню “Белсату” іх не хапіла на існаваньне да канца года. Таму мы мусім адмовіцца ад той праграмы тэлебачаньня, да якой пачаткова рыхтаваліся. Мы спадзяемся, што ўдасца вярнуцца да нармальнай праграмы трансляцыі ўжо ў студзені.
Я лічу, што адна з прычынаў — крызіс у Эўропе: усе эканомяць, і праз гэта пошук фінансаваньня робіцца сапраўды складаным. Нягледзячы на гэта, налета мы ўжо маем пляны, таму нашая сытуацыя не зусім безнадзейная. За гісторыю „Белсату“ мы ўжо шмат разоў сутыкаліся з такімі цяжкасьцямі, калі здавалася, што мы гэтага не пераадолеем. Думаю, што і гэтым разам мы выберамся. З трэцяга ж студзеня мы вернемся да нармальнай, усім знаёмай праграмы тэлебачаньня», — паведамляе Белсат.