23 лістапада – Дзень супраць беспакаранасьці
Адзначаць гэты дзень запрапанавала Міжнародная асацыяцыя для абароны свабоды слова — глябальная сетка больш за 70 арганізацый, якія займаюцца абаронай свабоды выказваньня. Асацыяцыя была заснаваная ў 1992 годзе ў Манрэалі.
Упершыню Міжнародны дзень супраць беспакаранасьці адзначаўся летась, у другія ўгодкі разьні на Філіпінах, у якой былі забітыя больш за 30 журналістаў і працаўнікоў СМІ.
Мэта Міжнароднага дня супраць беспакаранасьці — дасягнуць правасудзьдзя для тых, каго перасьледуюць за ажыцьцяўленьне права на свабоду выказваньня.
На фота: Зьбіцьцё Андрэя Саньнікава 19 сьнежня 2010 г.
Сёлета Міжнародная асацыяцыя для абароны свабоды слова зьвяртае асаблівую ўвагу на справу беларускай журналісткі Ірыны Халіп, якая летась была прысуджаная да двух гадоў пазбаўленьня волі з адтэрміноўкаю выкананьня прысуду на два гады па абвінавачаньні ў арганізацыі беспарадкаў 19 сьнежня 2010 году. Журналістка ня мае права пакідаць Менск без дазволу крымінальна-выканаўчай інспэкцыі, мусіць зь вечара да раніцы быць дома, у любы момант да яе з праверкамі могуць прыйсьці — і прыходзяць — міліцыянты. Яе муж, Андрэй Саньнікаў, у мінулым месяцы атрымаў палітычны прытулак у Вялікабрытаніі.