Горкая праўда: Еўропа не мае грошай на Беларусь
Для Нямеччыны і Францыі Беларусь – гэта Зімбабвэ, лічыць дэпутат Еўрапарламенту ад Польшчы Марэк Міґальскі.
Марэк Мігальскі ў “Гарачым каментары” (03.01.2013)
У «Гарачым каментары» палітык распавёў, што Еўразвяз займаецца ўласнымі пытаннямі. Любыя просьбы вылучыць сродкі на замежныя праекты, прыкладам, тыя ж беларускія, сутыкаюцца з праблемамі. «Я прапанаваў, каб той € 1 млн, які Еўразвяз атрымаў у выглядзе Нобелеўскай прэміі міру, ён аддаў на развіццё грамадзянскай супольнасці ў Беларусі. Але і гэтага, натуральна, не ўхвалілі».
Паводле Міґальскага, для галоўных гульцоў Еўразвязу, Нямеччыны і Францыі, Беларусь – гэта Зімбабвэ. «Больш за тое, і немцы, і французы вельмі любяць мець справы з расіянамі. Таму беларускае пытанне для іх прынамсі нязручнае». Праблему еўрадэпутат бачыць і ў польскіх палітыках, хоць нашая заходняя суседка традыцыйна рэпрэзентуе інтарэсы Беларусі. Міґальскі лічыць, што яны не ў стане па-сапраўднаму зацікавіць Еўразвяз беларускаю тэматыкаю.
Марэка Міґальскага называюць «хросным» палітвязняў Змітра Бандарэнкі і Сяргея Каваленкі: яны выйшлі на волю ў вялікай ступені дзякуючы ягоным намаганням. Цяпер еўрадэпутат паставіў сабе за мэту вызваліць Змітра Дакшевіча і Міколу Статкевіча. Дзеля гэтага заснаваў сайт www.2free.eu, даступны ў чатырох моўных версіях: беларускай, англійскай, польскай і расейскай. «Я спрабую вызваліць двух канкрэтных людзей. Гэта не значыць, што астатнія палітвязні мяне не цікавяць. Яны ўсе маюць выйсці на волю, і гэта мае быць галоўнаю ўмоваю любога дыялогу з Лукашэнкам», – тлумачыць Марэк Міґальскі.
Аліна Кашкевіч, belsat.eu