Мікалай Статкевіч: "Ізноў атрымаў прапанову "папрасіцца"…
Пасля перапынку працягласцю амаль паўгады Мікалай Статкевіч ізноў атрымаў прапанову напісаць прашэнне аб памілаванні. Аб гэтым палітык паведаміў у лісце да жонкі.
Палітзняволенаму кандыдату ў прэзідэнты Мікалаю Статкевічу прадстаўнікі адміністрацыі Магілёўскай турмы зноў пачалі прапаноўваць напісаць прашэнне пра памілаванне.
Як адзначыла жонка зняволенага палітыка Марына Адамовіч, “Зрабіў яе адзін капітан. Той самы, які ўлетку (ён быў тады старэйшым лейтэнантам) даваў слова афіцэра і не стрымаў яго таму няшчаснаму з “вічовай” камеры.
– У апошнім лісце ён напісаў, што нядаўна, пасля працяглага паўгадавога, па сутнасці, перапынку, яму зноў прапанавалі напісаць прашэнне пра памілаванне. Форма была абрана дастаткова цынічная. Мікола напісаў, што яна была наступнай: “Перастаньце гуляць у казакі-разбойнікі, выходзьце на свабоду і едзьце на мора”.
Па словах Марыны Адамовіч, звычайна за такімі прапановамі, пасля адмовы прыняць іх, пачынаецца ціскі правакацыі. Па розных надуманых прычынах палітвязня змяшчаюць у штрафны ізалятар, уводзяць іншыя абмежаванні. Таму апошнія звесткі выклікаюць у яе трывогу. “Мікалай напісаў, што не ведае, як будзе гэтым разам, але, як заўсёды, падрыхтаваны да ўсяго. Я ж, са свайго боку, вельмі спадзяюся, што той капітан праявіў уласную ініцыятыву, якая не будзе мець наступстваў”, – зазначыла жонка Мікалая Статкевіча.
Аднак з іншага боку, такі ціск сведчыць, што беларускі рэжым шукае шляхі вызвалення палітычных зняволеных.