У Статкевіча перыядычна сканфіскоўваюць лісты
4 мая былы кандыдат на прэзідэнта Мікола Статкевіч патэлефанаваў жонцы Марыне Адамовіч і павіншаваў яе з праваслаўным Вялікднем. “Мікола ў нармальным стане, адчувае сябе нармальна, з вясновым голасам”, – кажа жонка.
“Мікола патэлефанаваў акурат падчас сыходжання благадатнага агню. Прасіў перадаць яго віншаванні са святам! І – не хвалявацца за яго, ён – вытрымае”, – адзначыла Марына Адамовіч.
Мікола Статкевіч перадаў, што ліст за 25-е жонка не атрымае, бо яго сканфіскавалі. У гэтым лісце ўтрымлівалася пасланне палітыка да Паўла Вінаградава, які правёў акцыю салідарнасці са Статкевічам і адседзеў за гэта 12 сутак. “У Магілёве перыядычна канфіскуюць лісты ад Міколы, і пачалося гэта пасля 10 студзеня”, – адзначыла Марына Адамовіч.
Бліжэйшым часам Марына Адамовіч не ўбачыць свайго мужа:
“Пры самым найлепшым, самым аптымістычным варыянце мы зможам убачыцца з Міколам у канцы чэрвеня – пачатку ліпеня”, – адзначыла Марына Адамовіч.