Мікалай Статкевіч піша пра апошнія падзеі
Хаця і са спазненнем, але з-за кратаў даходзяць лісты, у якіх кандыдат у прэзідэнты на мінулых выбарах, палітвязень Мікалай Статкевіч каментуе падзеі, якія адбываюцца на волі.
Прыводзім каментары палітыка на апошнія падзеі.
Пра даклад еўрадэпутата Палецкіса:
…прачытаў пра даклад Палецкіса. Здзівіла яго тэза пра “паляпшэнне сітуацыі” ў 2012 г. Наколькі я памятаю, у гэты год чатыры з “палітычных” былі рашэннямі судоў пераведзены з калоній у турмы. А гэта істотнае згаршэнне сітуацыі для нас. Напрыклад, у савецкія часы адзін дзень у турме (у СІЗА) залічваўся за два дні ў калоніі. Я ўжо не кажу пра той ціск, які прыйшлося вытрымаць большасці з нас. Калі гэта – “паляпшэнне”, то што тады “пагаршэнне”? Такое уражанне, што сп. Палецкіс дбае не пра паляпшэнніе сітуацыі тут, а пра аб\’ёмы перавалкі грузаў Клайпедскага порта. У лепшым выпадку. [Ліст ад 3 чэрвеня 2013 г.]
У апошнія тыдні ў СМі і сацыяльных сетках шырока абмяркоўвалася ініцыятыва бабруйскіх актывістаў напісаць лісты да Яўгена Васьковіча з прапановамі падпісаць прашэнне аб памілаванні. Гэта прыватная ініцыятыва, дзякуючы сацыяльным сеткам, перарасла ў агульную дыскусію, – ці не звярнуцца з такімі лістамі да ўсіх палітвязняў?
Вось што з гэтай нагоды напісаў Мікалай Статкевіч:
Наконт ініцыятывы папрасіць “палітычных”, каб яны папрасіліся. Мне здаецца, што ў нас і так ужо было зроблена розных гнюснасцяў “по просьбам трудящихся” аж зашмат. Пара спыніцца.
Але спадабаліся каментары прадстаўнікоў грамадскасці з гэтай нагоды ў “НВ”. Асабліва каментар Уладзі Арлова, які цалкам супадае з маей пазіцыяў. Сказана ж было: “… а гонар – нікому”. [Ліст ад 6 чэрвеня 2013 г.]
Пра звесткі аб плануемым размяшчэнні расійскай авіябазы ў Беларусі:
Па БТ даведаўся пра авіябазу. Ізноў “наклонили”. Нафтавы баланс цяпер, мабыць, падпішуць. Але грошы праядуцца, а потым прыйдзе час новага балансу. І што далей?
Вяртаючыся да свайго нядаўняга эсэ пра нацыянальную ідэю для Беларусі:
Па АНТ бачыў кароткі фільм пра беларускую шляхту. Фільм неблагі. Дарэчы, шмат у чым перасякаецца з маім мінулым эсэ . Хацелася б верыць, што гэта – прыкмета новай інфармацыйнай палітыкі дзяржавы, а не выпадковасць.
Ад рэдакцыі: усе працытаваныя выказванні ўзятыя з лістоў Мікалая Статкеіча за чэрвень і былі перададзеныя нам яго адрасатамі.