Адамовіч: Муж піша, каб парадаваць, але гэтыя словы выклікаюць зусім іншую рэакцыю
З нагоды пачатку чарговай інфармацыйнай кампаніі салідарнасці з палітзняволенымі «Тыдзень палітвязня», жонка Міколы Статкевіча прачытала некалькі лістоў ад мужа, дзе той дзеліцца апошнімі навінамі з жыцця ў няволі ды каментуе падзеі ў палітычным жыцці краіны.
Марына Адамовіч пра сітуацыю ў Міколы Статкевіча
Мікола Статкевіч піша пра ўдзел у выбарах
Статкевіч піша, што ў турэмны дворык з сярэдзіны красавіка пачало заглядаць сонейка, што бывае яно толькі ў адным куточку і яны з суседам па чарзе ў вызначаны час гуляюць менавіта там – каб сонца дасталася кожнаму. З леташняга досведу палітвязня, вясна ў турме – самы галодны час, калі знікае нават бульба: яе замяняюць сушанаю, а астатняя агародніна – вельмі нізкай якасці.
Пра даклад Палецкіса
Паводле Марыны Адамовіч, спадара Статкевіча здзівіла інфармацыя пра тое, што, паводле еўрадэпутата, сітуацыя з правамі чалавека ў краіне палепшылася: «Наколькі я памятаю, за гэты год чатыры з «палітычных» былі рашэннямі судоў пераведзеныя з калоніяў у турмы. А гэта істотнае пагаршэнне сітуацыі для нас. …Я ўжо не кажу пра той ціск, які давялося вытрымаць большасці з нас. Калі гэта паляпшэнне, то што такое пагаршэнне? Такое ўражанне, што спадар Палецкіс дбае не пра паляпшэнне сітуацыі тут, а пра аб\’ёмы перавалкі грузаў Клайпедскага порта».
Пра ўдзел у выбарах
Экс-кандыдат на прэзідэнта звяртае ўвагу на тое, што і прыхільнікі байкоту, і тыя, хто збіраецца браць удзел у выбарах, маюць шмат агульнага. Хоць бы тое, што ніхто з іх не верыць у справядлівасць выбарчага працэсу ў Беларусі. Што праўда, паводле Статкевіча, гатовыя ўзяць удзел у выбарах маюць прынамсі мацнейшую матывацыю, чымся прыхільнікі байкоту. А нават даказаць масавы байкот праз простае пералічэнне выбаршчыкаў, як паказвае ягоны досвед, немагчыма.
Цягам кожнага наступнага тыдня на сайце тут можна будзе атрымаць інфармацыю пра канкрэтнага палітычнага зняволенага: важныя моманты з жыцця, біяграфія, сведчанні паплечнікаў, словы падтрымання ад беларускіх і замежных грамадскіх дзеячаў ды інш.
Адмыслова надрукаваныя паштоўкі і канверты будуць распаўсюджвацца падчас кампаніі па рэгіёнах, офісах незалежных медыяў і НДА, партыяў і рухаў. Кожны можа набыць гэтыя паштоўкі і напісаць словы падтрымання беларускім палітвязням, а таксама задаць пытанні іх сваякам і блізкім.
Кампанія разлічаная на 9 тыдняў – паводле колькасці палітвязняў. Наступны тыдзень будзе прысвечаны аднаму з лідараў БХД – Паўлу Севярынцу.
У.Ш., belsat.eu