АктуальнаЗдарэнні

ЗАБОЙЦА НЕ СУПЫНЯЕЦЦА

Учора многія даслалі мне віншаванні з імянінамі ці гадавінай Плошчы-2010. Удзячны за ўсе, акрамя апошняга “віншавання”.

Позна вечарам у мяне пачалася вельмі хуткая і вострая алергічная рэакцыя. Пачаўся ацёк дыхальных шляхоў. Жонка ўрач. Не марудзіла ні хвіліны – знайшла ў хатняй аптэчцы антыалергічны прэпарат для ін’екцый, разламала капсулу і дала выпіць. Спыніла працэс да прыезду “хуткай”.
Дзяўчаткі, што прыехалі зрабілі ін’екцыі – дзякуй ім. Ад шпіталізацыі я адмовіўся.

Не ведаю, як да мяне дабраліся, але ў выпадковасць гэтага інцыдэнта менавіта ў такі дзень не веру. Раней такога са мной ніколі не здаралася. Звычайнае харчовае атручванне выключаю – еў за некалькі гадзін перад гэтым і толькі раней выпрабаваную мной ежу.

Ды й галоўнае – не першы гэта такі выпадак. У пачатку лета ў Швецыі вострая і вельмі небяспечная алергічная рэакцыя з такімі ж сімптомамі раптам з’явілася ва Ўладзіміра Някляева пасля візіта аднаго нібыта беларускага эмігранта.

Прычын для харчовага атручвання ў яго не знайшлі. Пасля маіх настойлівых і доўгіх просьбаў праз два месяцы Ўладзімір Пракопавіч зрабіў аналізы на хімічнае атручванне. У яго крыві медыкі знайшлі рэчывы, якія сведчаць на карысць менавіта гэтай версіі.

Дарэчы, падобная “алергія” мінулым летам была і ў расійскага апазіцыйнага лідэра Навальнага, калі ён знаходзіўся на “сутках”.

Не ведаю, чаму самазванец вырашыў “павіншаваць” мяне такім чынам менавіта ў гэты дзень. Але ведаю, як трэба рэагаваць на такое.

Я і раней планаваў узяць удзел у сённяшняй акцыі супраць анэксіі Беларусі, арганізаванай Паўлам Севярынцам. Цяпер заяўляю пра гэта публічна.

НЕ ДАЗВОЛІМ САМАЗВАНЦУ І ЗДРАДНІКУ ПРАДАВАЦЬ НАШУ АЙЧЫНУ!
ЗАБОЙЦА ВА ЎЛАДЗЕ ПАВІНЕН СЫЙСЦІ!

Пляц КАЛІНОЎСКАГА, 18-00.

ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ!

 

Мікалай Статкевіч          20.12.2019 года