Навіны

Еўрапарламент: Палітыка ЕЗ у дачыненні да Лукашэнкі не змяняецца

Палітыка санкцый у дачыненні да беларускай дыктатуры застаецца нязменнай.

Пра гэта заявіў дэпутат Еўрапейскага парламента, сябра дэлегацыі па сувязях з Беларуссю і віцэ-прэзідэнт Еўранэста Яцэк Сарыюш-Вольскі, каментуючы ўчорашняе рашэнне Рады міністраў замежных спраў ЕЗ. Тэкст яго заявы прыводзіць прэс-служба Еўрапейскай народнай партыі (пераклад – charter97.org), сябрам якой з\’яўляецца польскі палітык.

«Рашэнне аб часовым прыпыненні дзеяння забароны на выдачу еўрапейскіх віз Уладзіміру Макею накіраванае на падрыхтоўку саміту «Усходняга партнёрства» і прынятае для таго, каб забяспечыць магчымасць яго ўдзелу. Такім чынам, гэты крок варта разглядаць у якасці тэхнічнага. Ён у любым выпадку не азначае змяненняў у палітыцы мэтанакіраваных санкцый, якую праводзіць Еўрапейскі Звяз. Перамены ў гэтай палітыцы будуць магчымыя толькі пасля дасягнення значнага прагрэсу ў захаванні стандартаў дэмакратыі, павазе правоў чалавека і вяршэнства закона ў Беларусі, у тым ліку пасля вызвалення і поўнай рэабілітацыі палітвязняў. Акрамя таго, гэты прагрэс павінен быць прызнаны ўсімі бакамі, уключаючы грамадзянскую супольнасць і праваабарончыя арганізацыі – такія як Міжнародная федэрацыя па правах чалавека», – заявіў Яцэк Сарыюш-Вольскі.

Віцэ-прэзідэнт Еўранеста адзначыў, што рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці ў Беларусі не саслаблі. Ён асабліва адзначыў, што ўлады краіны працягваюць пераследваць актывістаў апазіцыі і незалежныя СМІ. Па словах Яцэка Сарыюш-Вольскага, такая пазіцыя афіцыйнага Менска выклікае абурэнне.

«Адсутнасць рэакцыі з боку беларускіх уладаў на заклікі міжнароднай супольнасці спрыяе далейшаму пагаршэнню адносін з ЕЗ і ўзмацненню самаізаляцыі краіны. Больш за тое, у апошні час абмежавальныя меры ў заканадаўстве прывялі да далейшага прыгнечання незалежных СМІ і праваабаронцаў», – лічыць Яцэк Сарыюш-Вольскі.

Ён адзначыў, што грамадзянская супольнасць застаецца ключавым гульцом у палітычным дыялогу з Еўрапейскім Звязам і заявіў пра неабходнасць падтрымкі НДА і незалежных СМІ.

«Нам неабходна аднавіць палітычную і фінансавую падтрымку незалежных СМІ – такіх як тэлеканал «Белсат», «Радыё Рацыя» і сайта сharter97.org, чыя штодзённая праца дазваляе беларускім грамадзянам мець свабодны доступ да сродкаў масавай інфармацыі і садзейнічае дэмакратычным каштоўнасцям», – сказаў Яцэк Сарыюш-Вольскі.

Нагадаем, учора міністра замежных спраў Беларусі часова выключылі са спісу асоб, якім забаронены ўезд на тэрыторыю Еўразвяза. Такое рашэнне было прынята на пасяджэнні Рады міністраў замежных спраў ЕЗ у Люксембургу «ў мэтах палягчэння дыпламатычных кантактаў». Пры гэтым, падкрэсліваецца, што Уладзімір Макей застаецца ў спісе асоб, на якіх распаўсюджваюцца астатнія абмежавальныя меры.

Кіраўнік беларускага МЗС – выхадзец са спецслужбаў і згуляў адну з галоўных роляў як у правакацыі 19 снежня 2010 года, так і ў наступных.

Хартыя\’97