Аўтуховіч – пра турэмны музей у Горадні: «Ідыёты. Што я яшчэ магу сказаць?»
У Горадні адкрыецца першы ў краіне «музей турэмнага побыту».
Былыя палітвязні Мікалай Аўтуховіч і Зміцер Дашкевіч пракаментавалі гэтую падзею сайту «Салідарнасць».
Музей турэмнага побыту адкрыецца 20 жніўня. Экспазіцыя размяшчаецца на вуліцы Кірава, 1.
Там будуць прадстаўленыя асабістыя рэчы, фота, дакументы і ўзнагароды былых супрацоўнікаў гарадзенскай турмы, а таксама сведчанні, прысвечаныя гісторыі пенітэнцыярнай установы. Сярод экспанатаў – ланцугі, кайданы і рагаткі пачатку XIX стагоддзя, кляймо, што ставілі на шчаку асуджаных, таўро «Злодзей» і «Кат». Плануецца, што ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця музея возьме ўдзел міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч.
Журналісты пацікавіліся меркаваннем з гэтай нагоды ў былых палітвязняў, якія сядзелі ў гарадзенскай турме.
«Вось што яны хочуць гэтым паказаць?»
– Ідыёты. Што я яшчэ магу сказаць? – адрэагаваў на навіну Мікалай Аўтуховіч. – Я думаю, што ў іншых краінах такія музеі ёсць. І калі б мы жылі ў нармальным дэмакратычнай дзяржаве, калі б ведалі, што ў нас няма палітвязняў, а у турмах не мучаць людзей, то такі музей можна было б стварыць і тут. Але ў краіне, дзе катуюць людзей, дзе ў турмах паміраюць і пра гэта ніхто не ведае… Вось што яны хочуць гэтым паказаць? Гэта жудасна, не ведаю, што робіцца ў галаве ў гэтых людзей.
Знайшлі пра што думаць. Менавіта ў гарадзенскай турме, дзе я знаходзіўся, дагэтуль парушаюцца правы асуджаных. Між іншым, іх кормяць не паводле той нормы, якой павінны карміць, а паводле нормы тых, што знаходзяцца пад следствам. Але пра гэта ніхто не думае, не думаюць, як уладкаваць камеры, зрабіць нейкі рамонт.
«Можна назбіраць шмат экспанатаў, з дапамогай якіх у нашых турмах даводзяць да жывёльнага стану»
Зміцер Дашкевіч, як падалося, навіной аб адкрыцці музея турэмнага побыту быў не занадта здзіўлены.
– Гэты музей вельмі лагічны для турэмнай сістэмы Беларусі, у якой мала што змянілася з XIX стагоддзя – яна засталася антычалавечнай, – адзначыў былы палітвязень.
У кантэксце параўнання з музеем ахвяр генацыду, які працуе ў Вільні ў памяшканнях унутранай турмы КДБ, Зміцер Дашкевіч сказаў:
– Мэта падобных музеяў павінна быць у тым, каб дэманстраваць сутнасць рэжымаў у тую ці іншую эпоху, каб дапамагаць людзям зразумець, што гэта быў за час. Калі ў будучыні ў Беларусі адкрыецца такі музей, то там можна назбіраць шмат рэчаў, з дапамогай якіх сёння асуджаных у нашых турмах даводзяць да жывёльнага стану. Напрыклад, сярод экспанатаў можна паставіць футляр для зубной шчоткі, які выкарыстоўваюць, у тым ліку, у якасці лыжкі.