"Аб рэпрэсiях у гадавiну абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі" Заява Прэзiдыума БСДП (Народная Грамада)
Заява прэзiдыума БСДП (Народная Грамада) “Аб рэпрэсiях у гадавiну абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі”
Прайшла сотая гадавiна абвяшчэння незалежнасцi БНР. Народная Грамада, якая з\’яўляецца спадкаемцай беларускага сацыялістычнага руха, што знаходзіўся ў вытокаў паўстання Беларускай Народнай Рэспублікі, рыхтавалася годна адзначыць юбілей. Афіцыйнымі ўладамі дэкларавалiся “лiбералiзацыя i беларусiзацыя” якiя станоўча ўспрымалiся еўрапейскай аудыторыяй. Але насамрэч нiякiх пераменаў не адбылося.
З 21 сакавiка карныя органы прэвентыўна затрымоўваюць лiдараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэса, якiя заклiкаюць да ўдзелу ў шэсцi. Арыштаваны Мiкола Статкевiч, Уладзiмiр Някляеў, Яўген Афнагель, Вячаслаў Сiўчык ды iншыя. Станiслаў Паўлiнковiч, актывiст Народнай Грамады, быў затрыманы i знаходзiўся ў адной камеры з хворым на сухоты ў адкрытай форме. Міліцыянты пагражалі Станіславу забойствам.
Уначы з 24 на 25 сакавiка супрацоўнiкi спецслужбаў пранiкаюць на двор сям`i Мiколы Статкевiча i рэжуць нажом усе шыны на машынах яго жонкi i бацькi, a з ранiцы блакуюць раён каб не пусцiць да М. Статкевiча журналiстаў i затрымаць лiдара Народнай Грамады.
25 сакавiка па ўсёй Беларусi затрымлiваюць грамадзян, якiя збiралiся ўдзельнiчаць у святочных мерапрыемствах. На плошчы Я.Коласа ў Менску мiлiцыянты затрымлiваюць усiх, хто збiраўся на шэсце цi выпадкова там апынуўся. Агульная колькасць затрыманых – больш за 100 асоб.
Сярод затрыманых людзi сталага ўзросту, iнвалiды, журналiсты, праваабаронцы i нават святар.
На тэрыторыi РАУСаў, нажаль, не было тэлекамер, як i законаў. Мiлiцыянты не паведамлялi затрыманым падставу арышту i ўтрымлiвалi iх без складання пратаколаў. Людзей ставілі на расцяжку, заламывалі рукі, білі галавой аб сцяну. Сяргей Спарыш, генеральны сакратар Народнай Грамады, адмовіўся стаяць тварам да сцяны. На яго надзелі кайданкі і прымусілі 4 гадзіны ляжаць на халоднай зямлі. Міліцыянты хадзілі па ім нагамі.
Асобае абурэнне выклікае гвалт у дачыненні да праваабаронцаў. Дзяўчынам выламывалі пазногці і вырывалі пірсінг.
Амаль ўсіх адпусцілі з РАУСаў увечары. 6 чалавек – Валянцін Троцкі, Сяргей Спарыш і Юры Татур з Народнай Грамады, Андрэй Шарэнда і Арцём Чарняк з Еўрапейскай Беларусі, і святар Вікенці – былі адпраўленыя ў Цэнтр Ізаляцыі Правапарушальнікаў.
Затрыманнi адбывалiся нават падчас дазволенага канцэрта.
Позна ўвечары ўсіх затрыманых вызвалілі пад ціскам знешніх абставінаў. Але шэраг актывістаў і звычайных мужных грамадзян чакаюць судовыя працэсы.
Прэзідыум БСДП (Народная Грамада) патрабуе ад беларускіх уладаў спыніць пераслед па палітычных матывах, вызваліць усіх палітзняволеных, даць належную прававую ацэнку незаконным дзеянням супрацоўнікаў міліцыі і прыцягнуць віноўных да адказнасці.
Свабоду палітвязням!
Жыве вольная і незалежная Беларусь!
27 сакавіка 2018 года