Абама назваў агрэсію Расеі пагрозай усяму сьвету
Злучаныя Штаты ўзначальваюць намаганьні сусьветнай супольнасьці ў супрацьстаяньні расейскай агрэсіі ў дачыненьні да Ўкраіны, — заявіў у суботу ў Аўстраліі амэрыканскі прэзыдэнт Барак Абама.
Выступаючы перад студэнтамі унівэрсытэту Квінслэнду ў Брызбэне, у дзень адкрыцьця двухдзённага саміту «Вялікай дваццаткі», Абама назваў агрэсію ў дачыненьні да Ўкраіны — пагрозай ўсяму сьвету. Паводле словаў амэрыканскага лідэра, адным з доказаў гэтай пагрозы стала жахлівая катастрофа пасажырскага самалёта «малайзійскіх авіялініяў» на ўсходзе Ўкраіны.
Украінскія ўлады і шэраг заходніх лідэраў мяркуюць, што самалёт быў зьбіты ракетай, выпушчанай прарасейскімі сэпаратыстамі. Ахвярамі трагедыі, якая адбылася 17 ліпеня гэтага году, сталі 298 чалавек, сярод іх 38 жыхароў Аўстраліі. «Амэрыка падзяляе смутак аўстралійскіх сем’яў, якія страцілі блізкіх, мы таксама падзяляем рашучасьць вашага народа ў яго імкненьні дамагчыся справядлівасьці», — падкрэсьліў Абама на сустрэчы са студэнтамі.
Кіраўнік Эўрапейскай Рады Херман Ван Рампэй, выступаючы ў Брызбэне, заявіў, што сытуацыя ва Ўкраіне будзе дамінуючай тэмай на прызначанай на суботу сустрэчы лідэраў краінаў ЭЗ з Баракам Абамам. У панядзелак, па словах Ван Рампэя, міністры замежных справаў ЭЗ абмяркуюць далейшыя дыпляматычныя намаганьні і неабходнасьць новых санкцый супраць Масквы ў сувязі з сытуацыяй на ўсходзе Ўкраіны. «Расея павінна спыніць паток зброі і войскаў са сваёй тэрыторыі на тэрыторыю Ўкраіны і вывесьці з суседняй краіны ўжо наяўныя там сілы», — сказаў Херман Ван Рампэй.
Масква абвяргае абвінавачваньні ў падтрымцы прарасейскіх сэпаратыстаў і ўдзеле расейскіх войскаў у канфлікце на Данбасе.