Актуальна

Абаронім народнага лідэра!

Улады баяцца прысутнасці Міколы Статкевіча на Кастрычніцкай плошчы 8 верасня.

Лідэра Беларускага Нацыянальнага Кангрэса могуць арыштаваць напярэдадні Акцыі папярэджання. Партыя «Народная грамада» заклікае ўлады спыніць прэвентыўныя арышты, а прыхільнікаў пераменаў — абараніць Міколу Статкевіча і іншых актывістаў апазіцыі. Аб гэтым гаворыцца ў заяве, тэкст якой мы прыводзім ніжэй:

— На працягу аднаго дня стала вядома, што лідар нашай партыі Мікалай Статкевіч асуджаны да 15 сутак арышту за святкаванне 3 ліпеня гадавіны вызвалення Мінска ад гітлераўцаў і да штрафа ў 600 даляраў за ўскладанне 8 мая на Вайсковых могілках кветак да магіл савецкіх салдат, загінуўшых пры вызваленні нашай сталіцы.

За некалькі дзён да гэтага яго жонка Марына Адамовіч атрымала штраф 500 даляраў за ўдзел у святкаванні 3 ліпеня і яшчэ 300 даляраў — за спробу ўдзелу ў акцыі 25 сакавіка, разагнанай ўладамі яшчэ да яе пачатку. Улады працягваюць працэдуру зносу прыватнага дома, дзе жывуць Мікалай і Марына.

Персона, што незаконна кіруе нашай краінай, працяглы час спрабуе зламаць ці знішчыць Мікалая Статкевіча, або прымусіць яго пакінуць краіну. Былі спробы забойства праз аўтааварыю ці атручванне, спробы выкрадання, працяглыя тэрміны зняволення, непамерныя грашовыя штрафы, пазбаўленне маёмасці і жытла, агалцелая паклёпніцкая кампанія праз афіцыйныя СМІ і Інтэрнэт, ціск праз блізкіх, у тым ліку замах на іх жыццё.

Рэпрэсіі абрынуліся і на паплечнікаў Мікалая Статкевіча. Многія з нас прайшлі скрозь турмы і катаванні. Некаторым з нашых сябраў у выніку катаванняў быў нанесены цяжка папраўны ўрон фізічнаму і псіхічнаму здароўю.

Відавочна, што прыхільнік Гітлера ва ўладзе выдатна адчувае, ад каго сыходзіць рэальная пагроза яго незаконнаму панаванню над народам, хто здольны ўзначаліць народны супраціў унутранай акупацыі краіны. Хто можа разбурыць створаную за 23 гады сістэму страха, хлусні і карупцыі, каб пабудаваць вольную, справядлівую і заможную Беларусь.

Мікалай Статкевіч усім сваім жыццём паказаў, што здольны ўзначаліць Беларусь і вывесці яе з той ямы, у якую яе загнала хворая на бескантрольную ўладу персона. Сапраўдныя дзяржаўныя лідары не з’яўляюцца раптоўна. Іх трэба гатаваць і рыхтаваць вельмі доўга. Мы рыхтавалі і падтрымлівалі нашага лідара працяглы час. Мы ведаем — ён здольны вывесці нашу краіну да лепшага жыцця.

Беларусы, не дазволім знішчыць сапраўднага народнага лідара, абаронім наш шанец на годнае жыццё ў свабоднай Беларусі!

Заклікаем да ўдзелу ў Акцыі папярэджання 8 верасня ў 19.00 на Кастрычніцкай плошчы Мінска.

Рукі прэч ад Мікалая Статкевіча!
Уладу — народу!
Жыве Беларусь!

Беларускі нацыянальны кангрэс