Навіны

Абсерваторыя па абароне правоў праваабаронцаў асуджае адміністрацыйны пераслед праваабаронцаў у Беларусі

Тэрміновы зварот

Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў, сумесная праграма FIDH (Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека) і Сусветнай арганізацыі супраць катаванняў (OMCT), просіць вашага тэрміновага ўмяшання ў наступную сітуацыю ў Беларусі.

Апісанне сітуацыі:

Абсерваторыя была праінфармаваная з надзейных крыніцаў аб судовым пераследзе сп.Сяргея Каспяровіча і спн.Наталлі Сацункевіч, назіральнікаў-валанцёраў сумеснага праекта па назіранні Праваабарончага цэнтра “Вясна” і Беларускага Хельсінкскага камітэта, у выніку мірнай дэманстрацыі, якая адбылася 24 лістапада 2015 г. ў цэнтры Мінска.

Паводле атрыманай інфармацыі, 24 лістапада 2015 г. на сп. Каспяровіча і спн. Сацункевіч, разам з сямю ўдзельнікамі дэманстрацыі і трыма журналістамі*, былі складзеныя адміністрацыйныя пратаколы па артыкуле 23.34 КаАП, санкцыя якога прадугледжвае пакаранне ў выглядзе штрафу або адміністрацыйнага арышту за арганізацыю і/або ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, а таксама пікетаванні.

24 лістапада 2015 года на вуліцах Мінска адбылася мірная акцыя, якая мусіла нагадаць аб дзевятнаццатай гадавіне рэферэндуму 1996 года, які зазнаў жорсткую крытыку як у Беларусі, так і за мяжой, паколькі ён значна пашырыў паўнамоцтвы прэзідэнта Лукашэнкі праз змены некаторых раздзелаў Канстытуцыі. Акцыя была арганізаваная лідэрам апазіцыі і былым палітвязнем сп. Мікалаем Статкевічам, і сабрала каля ста чалавек. Перад акцыяй назіральнікі, запрошаныя да назірання ў межах вышэйзгаданага сумеснага праекта, прайшлі навучанне ў адпаведнасці з прынцыпамі АБСЕ ў галіне свабоды мірных сходаў, мелі на сабе сінія камізэлькі з надпісам “Назіральнік”, а таксама бэджы з фатаграфіяй, імем і прозвішчам дзеля спрашчэння іх адрознення ад удзельнікаў з боку міліцыі. Назіральнікі ад ПЦ “Вясна” і Беларускага Хельсінкскага камітэта, якія назіралі за мерапрыемствам, не ўдзельнічалі ў якіх-небудзь дзеяннях падчас акцыі, аднак яны былі расцэненыя ў якасці ўдзельнікаў і на іх былі складзеныя адміністрацыйныя пратаколы.

Абсерваторыя рашуча асуджае адміністрацыйны пераслед сп. Сяргея Каспяровіча і спн. Наталлі Сацункевіч, а таксама іншых назіральнікаў, затрыманых падчас акцыі, паколькі ён мае на мэце пакаранне за іх мірную дзейнасць у галіне правоў чалавека.

Абсерваторыя, у больш агульным кантэксце, занепакоеная спробамі ўрада Беларусі абмежаваць свабоду асацыяцый, свабоду сходаў і свабоду выказвання меркаванняў з боку праваабаронцаў.

Дзеянні, якія патрабуюцца:

Калі ласка, напішыце ўладам Беларусі, заклікаючы іх:

1. Гарантаваць пры любых абставінах фізічную і псіхалагічную недатыкальнасць сп. Сяргея Каспяровіча і спн. Наталлі Сацункевіч, а таксама вышэйзгаданых актывістаў і журналістаў, і ўсіх праваабаронцаў у Беларусі;

2. Спыніць любы пераслед, у тым ліку на адміністрацыйным узроўні, супраць сп. Сяргея Каспяровіча і спн. Наталлі Сацункевіч, а таксама супраць вышэйзгаданых актывістаў і журналістаў, і супраць усіх праваабаронцаў у Беларусі.

3. Выконваць усе палажэнні Дэкларацыі Арганізацыі Аб\’яднаных Нацый аб праваабаронцах, у прыватнасці:

– артыкул 1, які абвяшчае, што “кожны чалавек мае права, індывідуальна і сумесна з іншымі, заахвочваць і імкнуцца да абароны і рэалізацыі правоў чалавека і асноўных свабодаў на нацыянальным і міжнародным узроўнях”;

– артыкул 12.1, які прадугледжвае, што “кожны чалавек мае права, індывідуальна і сумесна з іншымі, удзельнічаць у мірнай дзейнасці, накіраванай супраць парушэнняў правоў чалавека і асноўных свабодаў”;

– артыкул 12.2, які абвяшчае, што “дзяржава павінна рабіць усе неабходныя захады дзеля забеспячэння абароны, з дапамогай кампетэнтных органаў, любога чалавека, індывідуальна і сумесна з іншымі, ад любога гвалту, пагрозаў, помсты, дэ-факта або дэ-юрэ, ціску або любога іншага адвольнага дзеяння ў сувязі з яго ці яе законным ажыццяўленнем правоў, згаданых у дадзенай Дэкларацыі”.

4. Забяспечыць у любых абставінах павагу да правоў чалавека і асноўных свабодаў у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі ў галіне правоў чалавека і міжнароднымі дамовамі, ратыфікаванымі Рэспублікай Беларусь.

Парыж-Жэнева, 3 снежня 2015 года

*Іншыя асобы, прыцягнуты да адказнасці: актывісты Мікалай Статкевіч, Уладзімір Някляеў, Максім Вінярскі, Алесь Макаеў, Антось Жылко, Станіслаў Паўлінковіч, Андрэй Давідовіч, а таксама журналісты Дзмітрый Галко (“Новы час”), Галіна Абакунчык (“Радыё Свабода”) і Кацярына Андрэева (“Народная воля”).

http://spring96.org/be/news/81462