Выбары

«Адзінай нечаканасьцю выбараў у Беларусі можа стаць прарасейскі Майдан»

Якімі будуць умовы сёлетняй выбарчай кампаніі? Ці вызваляць падчас яе Міколу Статкевіча? Як Расея будзе ўплываць на кампанію? Ці прызнае Захад вынікі галасаваньня

Гэтыя пытаньні ў Праскім акцэнце абмяркоўваюць шэф-рэдактар газэты «Народная воля» Сьвятлана Калінкіна і палітычны аглядальнік нашага радыё Віталь Цыганкоў.

Ці быў бы Гавал клоўнам на выбарах у Беларусі?

Дракахруст: Ужо амаль пэўна, што ў апошні дзень чэрвеня палата прадстаўнікоў абвесьціць прэзыдэнцкія выбары, прызначыўшы іх на 11 кастрычніка. Пра некаторыя асаблівасьці сёлетняй кампаніі я прапаную сёньня пагаварыць. Сьвятлана, вы пэўны час таму апублікавалі артыкул, у якім ахарактарызавалі сытуацыю формулай — «На арэне клоўны». Вы не зьмянілі свой погляд? З часу публікацыі вашага тэксту зьявіліся новыя кандыдаты ў прэзыдэнты, ды і ранейшыя, магчыма, паказвалі сябе зь нейкага іншага боку.

Калінкіна: На жаль, свой погляд я не зьмяніла. І справа ня толькі ў асобах, якія ідуць на выбары з боку апазыцыі.

Самі па сабе выбары — гэта ілюзіён. І кандыдаты апазыцыі, якія не зрабілі нічога, каб правілы гульні былі іншыя, будуць проста запаўняць паўзы. Збываецца прароцтва Лукашэнкі, што ў апазыцыі застануцца маргіналы, людзі малааўтарытэтныя і малавядомыя.

Свой погляд я не зьмяніла — на арэне клоўны

Кандыдаты, якія заявілі пра гатоўнасьць балятавацца, альбо зусім невядомыя людзям, альбо вядомыя настолькі ж даўно, як і Лукашэнка. Так што свой погляд я не зьмяніла — на арэне клоўны.

Цыганкоў: Я на гэтым этапе нашай гісторыі ня схільны перабольшваць ролю асобаў. Я ня схільны лічыць людзей клоўнамі, а больш схільны ацэньваць рэаліі.

Грамадзкая атмасфэра неспрыяльная для любых кандыдатаў ад апазыцыі.

Мяркую, што калі б зараз складаць канкурэнцыю Лукашэнку ў Беларусі давялося Клінтану, Тэтчэр, Гаўлу, то і яны б сустрэліся з такой жа справядлівай крытыкай, зь якой сутыкаюцца цяперашнія прэтэндэнты. Калі гэта старыя палітыкі — як Лябедзька ці Калякін, то кажуць: яны даўно ў апазыцыі, яны сябе паказалі, што яны могуць сказаць? Калі зьяўляюцца новыя людзі, як Караткевіч, то гаворыцца: а хто яна такая, што яна зрабіла, чаго яна лезе ў прэзыдэнты? Так што справа ў грамадзкай атмасфэры, якая неспрыяльная для любых кандыдатаў ад апазыцыі.

Якімі будуць умовы сёлетняй выбарчай кампаніі? Ч.1
 

Тыя ж і Статкевіч

Дракахруст: Славацкі палітык Павол Дэмэш заявіў у інтэрвію Свабодзе, што да выбараў адбудзецца візыт Лукашэнкі ў Ватыкан, а напярэдадні паездкі ці пасьля будзе вызвалены Мікола Статкевіч. Вам гэта падаецца магчымым? Ужо сфармаваная ініцыятыўная група па вылучэньні кандыдатам у прэзыдэнты Міколы Статкевіча. Лідзія Ярмошына яшчэ летась заявіла, што вязень ня будзе зарэгістраваны. Так і будзе, вы не чакаеце ніякіх сюрпрызаў у гэтым пытаньні? Статкевіча, здаецца, нават Сьвятлана ня лічыць клоўнам. 
 

Вылучэньне Статкевіча — гэта маральны акт, мэта якога — зьвярнуць увагу на наяўнасьць у Беларусі палітвязьняў.

Цыганкоў: Вылучэньне Статкевіча — гэта маральны акт, мэта якога — зьвярнуць увагу на наяўнасьць у Беларусі палітвязьняў. Статкевіч сымбалізуе сабой, што адбылося ў Беларусі пасьля 19 сьнежня 2010 году. Я б так і ўспрымаў вылучэньне Статкевіча. Але ня больш.

Калінкіна: Віталю падабаюцца кандыдаты ад апазыцыі, а мне — не. У Беларусі шмат цікавых, аўтарытэтных людзей, але яны ў выбарах ня ўдзельнічаюць. Што да Статкевіча, то кампанія яго вылучэньня — гэта сапраўды кампанія маральнай падтрымкі. 

Наконт зьвестак, агучаных Паволам Дземешам — мне здаецца, што калі Лукашэнка будзе кіравацца толькі мэтазгоднасьцю для сябе і для краіны, то ён павінен вызваліць Статкевіча. На гэтых выбарах Лукашэнка, як ніколі, мае шанец, што іх вынікі будуць прызнаныя. Але без вызваленьня палітвязьняў гэтага не адбудзецца.

Якімі будуць умовы сёлетняй выбарчай кампаніі? Ч.2
 

Чыньнікі выбарчай кампаніі: эканамічнае становішча і Ўкраіна

Дракахруст: Паводле Лявада-цэнтру рэйтынг Пуціна ў чэрвені дасягнуў рэкорднага значэньня ў 89%. Між тым у Беларусі, паводле НІСЭПД, рэйтынг Лукашэнкі зьніжаўся, пачынаючы зь леташняга верасьня. Ваш прагноз — ён будзе зьніжацца і далей?

Ці так усё перадвызначана на фоне рэйтынгу, які падае, і пагаршэньня эканамічнага становішча, чаго раней ў год выбараў ніколі не было?

Калінкіна: На жаль, рэйтынг таго ці іншага палітыка на вынікі беларускіх выбараў ніякім чынам не ўплывае. На ўсіх выбарах незалежныя сацыёлягі і да, і пасьля выбараў называюць адны лічбы, ЦВК — зусім іншыя. Калі казаць пра папулярнасьць Лукашэнкі як такую, то, магчыма, яна крыху і падвысіцца. На восень рыхтуюцца крокі па паляпшэньні эканамічнай сытуацыі. Нягледзячы на абяцаньне грошай не даваць, грошы, я мяркую, будуць дадзеныя і на заробкі, і на пэнсіі, і народ адрэагуе на такі «падарунак».

Калі ізноў пачнецца вайна ва Ўкраіне, рэйтынг Лукашэнкі падскочыць вельмі моцна

Калі ізноў пачнецца вайна ва Ўкраіне, рэйтынг Лукашэнкі падскочыць вельмі моцна. 

Адзінай істотнай нечаканасьцю выбараў можа стаць прарасейскі Майдан, калі Лукашэнка цалкам сапсуе адносіны з Масквой ці нешта паабяцае і ня выканае. 

Цыганкоў: Сутыкнуцца дзьве супрацьлеглыя тэндэнцыі. Першая — кепскі эканамічны стан. Упершыню за шмат гадоў Беларусь уступіла ў эпоху эканамічнай рэцэсіі. Зараз мы маем 2.5% спаду, эканамісты кажуць, што і па выніках году будзе скарачэньне ВУП. Але людзей больш хвалююць цэны і курс даляра. У 2011 годзе быў рост, але людзей больш хвалявала тое, што рубель упаў у тры разы. 

Але сёлета рэцэсія будзе ўплываць пераважна на працаўнікоў прадпрыемстваў, бюджэтнікам дзяржава будзе плаціць, як плаціла, можа трохі больш. 

На кожных выбарах адбываецца мабілізацыя прыхільнікаў Лукашэнкі за кошт тых, хто ня вызначыўся. Ён кожны дзень у тэлевізары, прапаганда кажа пра яго вялікія дасягненьні — эфэкт кампаніі павялічвае ягоны рэйтынг. 

На кожных выбарах адбываецца мабілізацыя прыхільнікаў Лукашэнкі за кошт тых, хто ня вызначыўся.

Украінскі фактар будзе дзейнічаць і без абвастрэньня сытуацыі там. Апошнія гады значэньне стабільнасьці ў сьвядомасьці грамадзянаў — тое самае «абы вайны не было». Людзі гатовыя пацярпець, але каб у нас, як ва Ўкраіне, людзі не стралялі адзін у аднаго.

Ну, і менскі працэс, перамовы — масавая сьвядомасьць успрымае гэта, як тое, што Лукашэнка прыкладае руку да міру ва Ўкраіне. 

«Датэрміновае галасаваньне» Масквы на выбарах у Беларусі

Дракахруст: Сёлета хіба не ўпершыню Расея вуснамі свайго пасла Сурыкава абвясьціла, што на выбарах у Беларусі будзе падтрымліваць Аляксандра Лукашэнку. Ці можна сказаць, што сёлета Расея будзе падтрымліваць Лукашэнку так, як не падтрымлівала ніколі?

Цыганкоў: Расея падтрымлівала Лукашэнку заўсёды. За выключэньнем 2010 году. Але за пару тыдняў да выбараў Лукашэнка тады прыехаў у Маскву, пра ўсё дамовіўся, і «хросныя бацькі» спыніліся. Але раней яна часам яго падчас кампаніі тузала, нэрвавала. Зараз, відаць, ня будзе і гэтага. 

Я скептычна стаўлюся да магчымасьці прарасейскага Майдану.

У Маскве, напэўна, вырашылі, што ня варта адкрываць «беларускі» фронт, пакуль нічога ня вырашана на «ўкраінскім». 

Я скептычна стаўлюся да магчымасьці прарасейскага Майдану, я ня бачу ніякіх рацыянальных аргумэнтаў за тое, каб Масква яго ладзіла. Скідаць Лукашэнку ёй ня трэба, патузаць яго можна і інакш, менш рызыкоўным спосабам. Тое, што зараз Масква падтрымала Лукашэнку так рана і так пэўна — магчыма, ёсьць дамоўленасьці зь ім, якія тычацца вайсковай сфэры. 

Дракахруст: Сьвятлана, можна прыгадаць, што той жа Сурыкаў напрыканцы мінулага году публічна разважаў, ці пойдзе Лукашэнка на выбары. Гледзячы па ўсім, калі ў сьнежні Лукашэнка езьдзіў у Маскву, ён меў няпростую размову на гэты конт у Крамлі. А зараз — Масква паўдзельнічала ў «датэрміновым галасаваньні» ў Беларусі. Ці азначае гэта, што ў гэтай кампаніі нават не Лукашэнка, а Масква будзе «трамбаваць» альтэрнатыву, трактуючы аднаго Лукашэнку як «истинно русского» кандыдата, а ўсіх астатніх — Лябедзьку, Караткевіч, Калякіна — як «бандэраўцаў»?

Калінкіна: Мяркую, прыблізна так і будзе. Пасьля першай заявы Сурыкава да цяперашняй альбо дамовіліся, альбо паглядзелі, што няма каго падтрымліваць, альбо сапраўды паглядзелі, што на ўсе франты сілаў ня хопіць. 

Расея ня хоча, каб гэтыя выбары адчынілі Лукашэнку вакно ў Эўропу.

Расея сапраўды вызначылася з кандыдатурай і гэта Лукашэнка. Але Расея ня хоча, каб гэтыя выбары адчынілі яму вакно ці нават маленькую дзірачку ў Эўропу. У сувязі з гэтым я б не выключала, што нечаканасьцю гэтых выбараў могуць стаць прарасейскія падзеі, якія якраз і не дазволяць Эўропе прызнаць вынікі гэтых выбараў.

Ці прызнае Захад беларускія выбары-2015?

Дракахруст: На гэтым тыдні Аляксандар Лукашэнка некалькі разоў паўтарыў, што выбары мусяць прайсьці чыста, заклікаў праваахоўныя органы не чапаць удзельнікаў кампаніі па розных дробязях. Праўда, разам з тым гучалі і заклікі не дапусьціць дэстабілізацыі сытуацыі. Інцыдэнт з закрыцьцём сайту выданьня «Куку» паказвае, што дэстабілізацыю беларускія чыноўнікі разумеюць надзвычай шырока.

Тым ня менш, ці магчымае прызнаньне выбараў з боку Захаду? Апазыцыя на Плошчу сёлета не заклікае. Дык калі ня будзе Плошчы, ня будзе крыві і арыштаў, а самыя выбары пройдуць як у Казахстане і Азэрбайджане — можа, і прызнаюць? Ці вы, Сьвятлана, лічыце, што расейцы зладзяць Плошчу, каб гэтае прызнаньне сарваць?

Калінкіна: Прынамсі, я не выключаю такую магчымасьць. У 2010 годзе выбарчая кампанія праходзіла ў значна больш вольных умовах, чым выбары 2006 году. І ўсё ішло да таго, што ў той ці іншай ступені выбары могуць быць прызнаныя. Але 19 сьнежня здарылася тое, што здарылася. І ніводзін чалавек з тых, хто біў шыбы ў Доме ўраду, ня быў асуджаны. 

Я ня бачу для Расеі ніякіх плюсаў, калі Беларусь выйдзе з ізаляцыі з боку Захаду. Маскве трэба, каб Лукашэнка быў цалкам у абдымках Пуціна, а мы — у абдымках Расеі.
 

З Беларусьсю пасьля выбараў стасункі ўсё ж, хутчэй за ўсё, актывізуюцца, паколькі ў эўрапейскіх палітыкаў ёсьць вялікае імкненьне да гэтага.

Цыганкоў: Сапраўды, у Масквы ёсьць жаданьне не дапусьціць нават дробненькага збліжэньня Лукашэнкі з Эўропай. Але гэтая мэта можа дасягацца і менш рызыкоўнымі сродкамі. Што да прызнаньня выбараў з боку Эўропы, то, напрыклад, Анатоль Лябедзька, паводле яго, ідзе на выбары менавіта для таго, каб не дапусьціць легітымізацыі рэжыму на Захадзе ў выніку выбараў. Але я да гэтага пытаньня стаўлюся дастаткова скептычна. 

Дракахруст: Я сам задаў вам пытаньне пра прызнаньне. Але вось нядаўна адбыліся выбары ў Казахстане, дзе Назарбаеў перамог з фантастычным лікам у 98%. Яго, здаецца, асабліва ніхто з заходніх лідэраў не віншаваў з гэтым. Але прызнаюць, здаецца. Што наагул азначае прызнаньне ў постсавецкіх рэаліях? Абама ці Мэркэль павіншуюць?

Цыганкоў: Гэта сапраўды не ўплывае на рэальную палітыку. Сапраўды, усе разумеюць, што выбары ў Казахстане былі недэмакратычныя, але гэта ніяк не ўплывае на эканамічныя і палітычныя стасункі. Лукашэнку ніхто з заходніх лідэраў віншаваць ня будзе, але і поўны байкот таксама не абвесьцяць. З Беларусьсю пасьля выбараў стасункі ўсё ж, хутчэй за ўсё, актывізуюцца, паколькі ў эўрапейскіх палітыкаў ёсьць вялікае імкненьне да гэтага.

Юры Дракахруст, Радыё Свабода