Навіны

Афіцыйна: "Бел-чырвоны сьцяг пад забаронай на швэдзкай арэне"

Тоні Вірэн, генэральны сакратар хакейнага ЧС-2013 у Стакгольме пракамэнтаваў Радыё Свабода забарону выкарыстаньня бел-чырвона-белых сьцягоў падчас правядзеньня матчаў ЧС:

— У адпаведнасьці з правіламі Міжнароднай хакейнай фэдэрацыі мы ня можам дазваляць любыя палітычныя сымбалі, знакі ці нешта падобнае ў месцы правядзеньня матчаў. Таму мы папрасілі прыбраць гэтыя сьцягі.

— Хто прыняў рашэньні лічыць гэтыя сьцягі палітычнымі?

— Гэта супольнае рашэньне Фэдэрацыі і арганізатараў чэмпіянату.

— Выкарыстаньне гэтага сьцяга забаронена швэдзкім заканадаўствам?

— Не, ён не забаронены ў Швэцыі. Мы проста сьледуем правілам Міжнароднай хакейнай фэдэрацыі.

— Гэта азначае, што правілы Фэдэрацыі больш прыярытэтныя за швэдзкія законы?

— Мы ня ставім пытаньне такім чынам. Мы проста кіруемся правіламі Фэдэрацыі.

— Хто быў ініцыятарам прызнаньня гэтага сьцягу палітычным сымбалем?

— На жаль, у мяне няма адказу на гэтае пытаньне.

— Гэта значыць, што на наступныя матчы заўзятараў з гэтымі сьцягамі ня пусьцяць?

— Так. У адпаведнасьці з раней прынятым рашэньнем, калі яны будуць мець сымбалі, якія прызнаныя палітычнымі.

— Вы ведаеце, што некаторыя швэдзкія палітыкі і актывісты НДА выступілі з асуджэньнем гэтага рашэньня і плянуюць акцыі пратэсту каля Глобэн-арэны?

— Мы нічога пра гэта ня чулі. Мы кантактуем з уладамі, з паліцыяй, але наколькі я ведаю, ніхто пакуль не заяўляў пра правядзеньне такой акцыі.

— Якім чынам можна адмяніць рашэньне пра забарону бел-чырвона-белага сьцяга?

— Пытаньне ўласна не да мяне. Мы проста выконваем ужо прынятае рашэньне.

Інцыдэнт зь беларускімі заўзятарамі адбыўся 3 траўня падчас хакейнага матчу Беларусь — Чэхія. Швэдзкая паліцыя спрабавала забраць у беларусаў бел-чырвона-белы сьцяг. А пазьней адзін з швэдзкіх арганізатараў папярэдзіў, што болей на матчы з такой сымболікай іх ня пусьцяць.

Радыё Свабода