Выбары

АГП стварае ініцыятыўную групу па вылучэньні Статкевіча кандыдатам у прэзыдэнты

Аб’яднаная грамадзянская партыя пачала фармаваньне ініцыятыўнай групы па вылучэньні кандыдатам у прэзыдэнты на выбарах 2015 году палітвязьня Мікалая Статкевіча. 

Пра гэта 6 студзеня на прэс-канфэрэнцыі паведаміў старшыня АГП Анатоль Лябедзька.

У ініцыятыўную групу, апрача Лябедзькі, увайшлі адвакат Гары Паганяйла, народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка, кінарэжысэр Юры Хашчавацкі, дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі 13 скліканьня Марат Афанасьеў ды іншыя.

«Гэта некалькі дзясяткаў віп-пэрсон, якія сваім прыкладам спрабуюць прыцягнуць увагу да праблемы палітвязьняў у Беларусі», — сказаў Лябедзька.

Паводле Лябедзькі, кіраўніцтва партыі разумее, што групу ў падтрымку Статкевіча на выбарах 2015 году ўлады не дазволяць зарэгістраваць. Але кампанія ў падтрымку Міколы Статкевіча і іншых палітвязьняў паспрыяе, на іх думку, хутчэйшаму вызваленьню беларускіх палітвязьняў.

«Ствараецца, хутчэй, група салідарнасьці з палітвязьнямі, бо да збору подпісаў за вылучэньне справа, відаць, ня дойдзе. Але мы спадзяёмся, што стварэньне ініцыятыўнай групы і яе дзеяньні наблізяць вызваленьне Мікалая Статкевіча», — сказаў лідэр АГП.

Кандыдатам у прэзыдэнты на выбарах 2015 году плянуе вылучацца таксама Анатоль Лябедзька.

Кандыдат у прэзыдэнты Беларусі на выбарах 2010 году Мікалай Статкевіч дагэтуль за кратамі. У траўні 2011 году суд Ленінскага раёну Менску прысудзіў яму шэсьць гадоў пазбаўленьня волі па абвінавачаньні ў арганізацыі масавых беспарадкаў.

Уладзімер Глод, Радыё Свабода