Грамадская акцыя

Акцыя ў цэнтры Менска: беларусы супраць дыктатуры

Шэсце, прысвечанае гадавіне рэферэндуму 1996 года, прайшло праспектам Незалежнасці.

Яе арганізатарам стаў лідар беларускай апазіцыі і былы палітвязень Мікола Статкевіч. Акцыя прымеркаваная да 19 гадавіне “рэферэндуму”, праведзенага Аляксандрам Лукашэнкам 24 лістапада 1996 года. Пра гэта Мікалай Статкевіч паведаміў раней у “Фэйсбуку”, пішаcharter97.org.

Палітык падкрэсліў, што ў выніку незаконнага “рэфэрэндуму” 1996 Лукашэнка “прысвоіў сабе дыктатарскія паўнамоцтвы, што можна трактаваць як канстытуцыйны пераварот”.

Сайт charter97.org вёў анлайн-трансляцыю з акцыі.

18:50 Акцыя скончаная. Арганізатары заклікалі ўдзельнікаў разыходзіцца.

18:47 Ля ўваходу ў Цэнтрвыбаркам людзі пакінулі запаленыя свечкі.

18:45 Супрацоўнікі міліцыі складаюць пратаколы на Уладзіміра Някляева і Мікалая Статкевіча.

18:44 “Сэнс у такіх акцыях ёсць, – сказаў Анатоль Лябедзька, лідар Аб\’яднанай грамадзянскай партыі. – Прыходзяць 10 чалавек – добра, сто – лепш. Дажывем да таго часу, калі будуць тысячы. У шмат якіх краінах усё пачыналася з малаколькасных акцый”.

18:40 Пасля выступлення Мікалы Статкевіча і Уладзіміра Някляева ўдзельнікі акцыі ўшанавалі памяць выкрадзеных палітыкаў хвілінай маўчання.

18:32 Удзельнікі акцыі не скандуюць ніякіх лозунгаў, шэсце праходзіць у цішыні. Са слоў карэспандэнта “Радыё Свабода”, у акцыі бяруць удзел некалькі соцень чалавек.

18:30 Калона дасягнула плошчы Незалежнасці і накіроўваецца да будынка Цэнтральнай выбарчай камісіі.

18:27 “Мы толькі пачынаем адваёўваць вуліцу. Дыктатуры сыходзяць, дэмакратыі прыходзяць, – кажа моладзевы актывіст Павал Вінаградаў– Трэба рабіць нешта для гэтага”.

18:25 Колькасць людзей у калоне павялічваецца.

18:23 Удзельнікі акцыі рухаюцца далей, да плошчы Незалежнасці. Вуліцы, перпендыкулярныя праспекту, пераходзяць толькі на зялёны сігнал святлафора. У руках у шмат каго – запаленыя свечкі.

18:20 На рагу вуліцы Гарадскі вал і праспекта Незалежнасці, ля ўваходу ў Міністэрства ўнутраных спраў, стаіць самаскід і металічная агароджа. Удзельнікі шэсця мяркуюць, што такім чынам улады наважылі перашкодзіць ускладанню кветак і выстаўленню свечак. “Так яны ўшаноўваюць памяць свайго былога міністра”, – мяркуе Мікалай Статкевіч.

18:16 Калона падышла да будынка КДБ. У руках у некаторых удзельнікаў – нацыянальныя бел-чырвона-белыя сцягі.

18:15 На акцыі прысутныя актывісты грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь”, прадстаўнікі Аб\’яднанай грамадзянскай партыі, “Маладога фронту”.

18:10 Калона пачала рух па ходніках ад ГУМа да будынкаў КДБ і МУС.

18:09 Мікалай Статкевіч абвясціў, што зараз пачнецца шэсце памяці выкрадзеных і забітых лідараў апазіцыі.

18:07 Многія людзі прыйшлі на акцыю з самаробнымі плакатамі і партрэтамі выкрадзеных лідараў апазіцыі.

18:04 “Я не веру ў магчымасці трансфармацыі гэтага рэжыму, не веру ў тое, што за Лукашэнкам магчымая дэмакратызацыі. Калі б улады хацелі, то ўжо ініцыявалі б папраўкі ў заканадаўства, як таго патрабуе Еўрапейскі Звяз, – сказаў Уладзімір Някляеў– Наперадзе – эканамічны спад. Улады будуць цягнуць з людзей грошы і жылы.”

18:01 Супрацоўнікі міліцыі не перашкаджаюць людзям, якія бяруць удзел у акцыі.

17:57 “Лукашэнка напярэдадні “рэферэндуму” пазбавіў пасады міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранку, а потым зняў з пасады старшыню Цэнтрвыбаркама Віктара Ганчара, – сказаў Мікалай Статкевіч у каментары “Радыё Свабода”. – А потым, у 1999 годзе, гэтыя людзі былі выкрадзены і забітыя. Мы не ведаем, дзе гэтыя людзі пахаваныя, але ведаем, дзе яны працавалі. Мы плануем прыйсці да гэтых месцаў, да Міністэрства ўнутраных спраў і Цэнтрвыбаркаму і там свечкамі ўшанаваць памяць пра гэтых герояў, якія загінулі за нашу свабоду”.

17:55 На скрыжаванні вуліцы Леніна і праспекта Незалежнасці прысутнічаюць вядомыя палітыкі і грамадскія дзеячы – Мікалай Статкевіч, Уладзімір Някляеў, Павел Севярынец, Мікалай Дземідзенка.

17:50 На пляцоўцы каля ГУМа збіраюцца першыя ўдзельнікі акцыі.

Другі ў гісторыі незалежнай Беларусі “рэферэндум” быў праведзены 24 лістапада 1996 года. На знак пратэсту супраць яго правядзення падалі ў адстаўку намеснік міністра замежных спраў Андрэй Саннікаў, прэм\’ер-міністр Міхаіл Чыгір, міністр працы Аляксандр Сасноў, а таксама сем суддзяў і старшыня Канстытуцыйнага суда Валерый Ціхіня. Краіны Захаду і міжнародныя арганізацыі, уключаючы АБСЕ, Раду Еўропы і Еўрапейскі звяз, афіцыйна не прызналі вынікі “галасавання” і абвясцілі іх незаконнымі з прычыны таго, што яно праводзілася з сур\’ёзнымі працэдурнымі парушэннямі.

Хартыя\’97