Грамадская акцыя

Акцыя памяці ў цэнтры Менска: 150 менчукоў запалілі свечкі ля будынка КДБ

«Ланцуг памяцi» стаў уздоўж праспекта Незалежнасці.

Мэта акцыі – нагадаць пра злачынствы сталінізму супраць беларускага народа і спыніць новыя злачынствы сучасных пераемнікаў катаў з НКВД. Яе арганізатарам выступіў былы палітвязень і кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года Мікалай Статкевіч.

Сайт charter97.org вёў онлайн-трансляцыю з акцыі. 

19:00 Людзі пакідаюць свечкі на прыступках будынка КДБ. Акцыя закончылася.

18:56 Мікалай Статкевіч падзякаваў удзельнікам «Ланцуга памяцi» за тое, што яны прыйшлі да КДБ.«Мы паказалі, што гатовыя бараніць і пашыраць тую прастору свабоды, якую адваявалі перад выбарамі», – заявіў палітык. Ён прапанаваў пакінуць падпаленыя свечкі і лампадкі ля ўваходу ў будынак.

18:50 У акцыі бяруць удзел больш за 150 чалавек. Сярод іх таксама моладзевыя лідары Зміцер Дашкевіч, Максім Вінярскі і Павел Вінаградаў.

18:49 Некаторыя ўдзельнікі акцыі трымаюць у руках партрэты загінулых праз сталінскія рэпрэсій сваякоў і ўлёткі з інфармацыяй пра злачынствы ўладаў СССР.

18:46 Пратаколы складзеныя таксама на Уладзіміра Някляева і Мікалая Статкевіча. Людзі, якія сталі сведкамі гэтага, выказваюць свой пратэст і параўноўваюць дзеянні міліцыянтаў з тым, што рабілі супрацоўнікі НКУС 78 гадоў таму.

18:43 Да ўдзельнікаў акцыі далучаюцца новыя людзі – мінакі. Ланцуг расцягнуўся больш, чым на 100 метраў уздоўж праспекта Незалежнасці.

18:42 Адзін з удзельнікаў прыйшоў на акцыю ў футболцы «Беларусь павінна быць беларускай».

18:37 Сярод удзельнікаў акцыі – паэт і грамадскі дзеяч Уладзімір Някляеў, паведамляе «Радыё Свабода».

18:35 Супрацоўнікі міліцыі складаюць пратакол на лідара Аб\’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзьку

18:30 Некаторыя ставяць свечкі на прыступкі лесвіцы ля галоўнага ўваходу ў будынак КДБ. Астатнія становяцца ў ланцуг уздоўж праспекта Незалежнасці.

18:27 Мікалай Статкевіч ужо ля ўваходу ў КДБ. Прыходзяць людзі са свечкамі і лампадкі. Міліцыя не перашкаджае ўдзельнікам.

Раней Мікалай Статкевіч звярнуўся да менчукоў з просьбай прыходзіць на акцыю да будынку КДБ і браць з сабой свечкі або лампадкі.

«Не бярыце з сабой ніякіх сцягоў ці плакатаў. Прыносьце толькі свечкі або лампадкі. Калі не маеце іх, то на месцы што-небудзь прыдумаем. Ва ўяўленні цывілізаваных краін, з якімі так спрабуе дамовіцца Лукашэнка, чапаць чалавека са свечкай – поўнае дзікунства. Не дазволім з\’явіцца новым ахвярам і новым катам», напісаў ён.

Пра свой удзел у акцыі таксама заявілі іншыя вядомыя беларускія палітыкі і грамадскія дзеячы.

Нагадаем, 78 гадоў таму былі забітыя больш за сто беларускіх дзеячаў культуры. Прадстаўнікоў нацыянальнай інтэлігенцыі расстралялі ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года ў Менску ў будынку НКУС. Сярод забітых былі пісьменнікі, паэты, навукоўцы, грамадскія і палітычныя дзеячы, журналісты –Платон Галавач, Міхась Чарот, Алесь Дудар, Міхась Зарэцкі, Васіль Коваль, Валерый Маракоў, Васіль Сташэўскі, Міхаіл Камыш і многія іншыя. Усяго ў тую ноч былі расстраляныя, паводле звестак гісторыкаў, больш за 130 прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі. Месцы іх пахаванняў дагэтуль не вядомыя.

Загад аб расстрэле «ворагаў народа» паступіў з Масквы, ён быў падпісаны Сталіным і Молатавым і меў спіс з 103 імёнаў. У Менску яго дапоўнілі яшчэ некалькімі дзясяткамі чалавек.

У найноўшай гісторыі немагчыма знайсці прыкладаў падобнага масавага знішчэння літаратараў.

Хартыя\’97