Навіны

Алег Волчак: Аўтуховіча не зламалі…

8 красавіка павінен выйсці на волю ваўкавыскі прадпрымальнік, ветэран афганскай вайны, якога міжнародная грамадскасць прызнала палітзняволеным, Мікалай Аўтуховіч. Праваабаронца Алег Волчак (на фота) распавядае нашаму карэспандэнту, што “Мікалай прайшоў праз самыя сур’ёзныя выпрабаванні”.

Нагадаем, Мікалай Аўтуховіч быў асуджаны на 5 гадоў і 2 месяцы зняволення за захоўванне пяці патронаў да паляўнічай зброі. Сам вязень лічыць – за змаганне з карупцыяй ва ўладзе.

Алег Волчак: Зразумела, што чалавека адмыслова “запіхнулі” ў турму за яго грамадзянскую пазіцыю. Пасля першай адсідкі Мікола выйшаў і не стаў маўчаць – ён працягваў змагацца з чыноўнікамі, з карупцыяй, якая бы іржа раз’ядае наша грамадства. І яго вырашылі супакоіць. Памятаеце, з якой помпай падавалася інфармацыя пра чарговую “гучную справу” – маўляў, Мікалай Аўтуховіч рыхтаваў тэракт супраць старшыні Гродзенскага аблвыканкама і намесніка міністра па падатках і зборах. Была афіцыйная заява МУС, якая была змешчаная на сайце. Праўда, уся гэтая лухта рассыпалася на судзе, людзі смяяліся, калі слухалі на судовых пасяджэннях “гучную справу”, якую скляпалі сілавікі. І, калі ўбачылі, што з “тэрактам” нічога не атрымоўваецца, знайшлі пяць патронаў і адправілі чалавека за краты. Вось так у нас змагаюцца з карупцыяй.

РР: У турме Мікалаю Аўтуховіча таксама даводзілася складана…

Алег Волчак: Безумоўна, столькі гадоў пад прэсам. Але Мікола не той чалавек, каб скарыцца. Яго так і не зламалі, хоць стан здароўя Аўтуховіча вельмі пахіснуўся. Мы нават Генеральнаму пракурору Беларусі накіроўвалі скаргу на дзеянні адміністрацыі гарадзенскай турмы, у якой утрымліваўся Мікалай. Там жа наогул быў парадокс! Прадстаўнік УДВП па Гродзенскай вобласці заяўляе, што ў Аўтуховіча няма хвароб, якія перашкаджалі б адбыццю пакарання, і ў той жа час да чалавека прыходзіць кансіліум урачоў.

РР: Якія апошнія навіны ад Мікалая, з якім вы пастаянна падтрымліваеце пісьмовую сувязь?

Алег Волчак: Амаль нічога не пісаў, відаць, ужо рыхтуецца да выхаду на волю. Пры сустрэчы аб усім пагутарым.

РР: Ці мог Аўтуховіч выйсці раней часу?

Алег Волчак: Безумоўна, але яго прынцыпова трымалі да заканчэння тэрміна.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя