Алесь Бяляцкі ўзнагароджаны прэміяй Вацлава Гаўла
Прэзідэнт Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы абвясціў Алеся Бяляцкага, які асуджаны на 4,5 года, лаўрэатам прэміі імя Вацлава Гаўла на восеньскай сесіі ў Страсбуры.
Прэмія для палітвязня (30.09.2013)
Мэта прэміі Вацлава Гаўла — заахвочванне выдатных дзеячоў грамадзянскай супольнасьці ў абароне правоў чалавека ў Еўропе і за яе межамі.
Іншымі кандыдатамі на прэмію былі Асацыяцыя маладых юрыстаў (Грузія), Сетка абароны правоў (Кітай). Прэмію ўручаюць штогод.
Памер узнагароды — 60 тысяч еўра.
Прэмію за А.Бяляцкага атрымлівае яго жонка, Наталля Пінчук.
Жонка Алеся Бяляцкага Натальля Пінчук, якая прысутнічае на цырымоніі ў Страсбуры, у сваёй прамове агучыла, што яе муж ад самага пачатку свайго шляху змагаўся за незалежную і дэмакратычную Беларусь.
Натальля Пінчук нагадала пра іншых беларускіх палітзьняволеных, і падкрэсьліла, што іх вызваленьне павінна быць ўмовай кантактаў з уладамі Беларусі.
— Барацьба за абарону правоў людзей стала асновай для стварэньня праваабарончага цэнтру «Вясна» ў 1996 годзе.. Алесю нялёгка, ён у больш жорсткіх умовах, чым іншыя вязьні, яго абмяжоўваюць у кантактах з блізкімі ды іншымі вязьнямі, ён зазнае моцны ціск адміністрацыі. Улады ўсялякімі спосабамі дамагаюцца, каб Алесь напісаў пакаяньне на імя Лукашэнкі. У турмах Беларусі яшчэ 10 палітвязьняў, якія зрабілі свой выбар на карысьць дэмакратыі і свабоды. Тым часам, сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі пагаршаецца…
Я спадзяюся, што эўрапейскія структуры як гаранты і абаронцы дэмакратыі і свабоды не адступяцца ад сваёй прынцыповай пазыцыі… Прэмія, якую атрымаў Алесь, гэта знак салідарнасьці ня толькі зь ім, але і з усёй беларускай дэмакратычнай супольнасьцю. Сымбалічна, што гэта прэмія мае імя Вацлава Гаўла. Гавэл — гэта сымбалічная постаць для дэмакратаў Беларусі. Алесь ня раз казаў, што Гавэл — гэта прыклад для яго. Незадоўга да сваёй сьмерці, Гавэл накіраваў Алесю ў турму ліст падтрымкі. Алесь піша, што для яго гэты ліст стаў праменем надзеі і салідарнасьці. Я таксама спадзяюся, што гэты прамень салідарнасьці дапаможа Алесю і яго паплечнікам выйсьці пераможцамі ў іх барацьбе за справядлівасьць…
***За апошні час Алесь Бяляцкі, які знаходзіцца за кратамі, атрымаў некалькі ўзнагародаў: узнагароду імя Петры Келі, узнагароду Леха Валенсы, прэмію парталу «Хартыя’97» за выбітныя дасягненні ў галіне абароны правоў чалавека за 2012 год.
Алесь Бяляцкі быў затрыманы ў Мінску 4 жніўня 2011 года.
У лістападзе 2011 г. суд прызнаў яго вінаватым ва ўтойванні даходаў у асабліва буйным памеры і асудзіў да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці (у Бабруйскай № 2).
Падставай для крымінальнага пераследу стала наяўнасць у Бяляцкага замежных банкаўскіх рахункаў, сродкі з якіх выкарыстоўваліся для праваабарончай дзейнасці. Адкрыць рахункі ў Беларусі не ўяўлялася магчымым, так як цэнтр «Вясна» працуе нелегальна — ўлады неаднаразова адмаўлялі ў афіцыйнай рэгістрацыі арганізацыі.
Суд таксама не прыняў да ўвагі тое, што шкода, якую нібыта нанёс дзяржаве Бяляцкі, была цалкам пагашана за кошт добраахвотных ахвяраванняў грамадзян.
Краіны Эўразьвязу, ЗША і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі лічаць Бяляцкага палітвязьнем, а прысуд яму — палітычна матываваным. Яны патрабуюць ад уладаў Беларусі вызваліць праваабаронцу.
Пакаранне адбывае ў Бабруйскай калоніі №2 (вул. Сікорскага 1, ВК-2, атрад 14, Бабруйск, 213800).