Алесь Бяляцкі прэзентаваў у Варшаве кнігу «Халоднае крыло Радзімы»
Кніга была цалкам падрыхтаваная, калі праваабаронца знаходзіўся ў зняволенні, але была выдадзеная пасля ягонага вызвалення.
Старшыня праваабарончага цэнтра «Вясна», віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі прэзентаваў у Беларускім доме ў Варшаве кнігу «Халоднае крыло Радзімы».
На пачатку мерапрыемства, якое адбылося 28 траўня, праваабаронца нагадаў аб парушэнні правоў чалавека ў Беларусі.
«Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі не паляпшаецца, літаральна сёння прайшоў суд над Юрыем Рубцовым – ён атрымаў 2 гады калоніі. Гэта ягоны асабісты супраціў, які пачаўся з бяскрыўдных рэчаў, калі Юрый хадзіў у цішотцы «Лукашэнка, сыходзь» і атрымаў за гэта 15 дзён, якія перараслі ў 1,5 гады хіміі, а 1,5 гады хіміі сёння перараслі ў 2 гады калоніі. Відаць, што калі чалавек спрабуе неяк супраціўляцца, то ўсё гэта можа чапляцца адно за адно і вылівацца ў сур\’ёзныя рэчы», – сказаў ён.
«Халоднае крыло Радзімы» ўключыла ў сябе ўспаміны, урыўкі з лістоў, а таксама літаратурныя эсэ, якія не ўвайшлі ў папярэднюю кнігу.
Тут сабраныя і ўрыўкі з лістоў літаратурных эсэ, якія не ўвайшлі ў папярэднюю кнігу. І ўспаміны, пачынаючы з 80-х гадоў. Што аб\’ядноўвае гэтую кнігу? Тое, што яна напісаная пра нацыянальны рух, пра новае адраджэнне, якое ў нас пачалося з 70-х гадоў. Сам я прыйшоў у рух у 81 годзе, калі мне ўжо было 19 гадоў і я з\’яўляюся ўдзельнікам усіх гэтых падзей, якія адбываліся ў Беларусі з развіццём і нацыянальнага, і дэмакратычнага руху да апошняга часу. Гэты досвед сюды і ўвайшоў. Гэта агульная ідэя, якая аб\’ядноўвае ўсё разам. Гэта ўсё, што было напісана мной за 25 гадоў», – распавёў аўтар.
Прэзентацыя з\’яўлялася сімвалічнай акцыяй салідарнасці з палітвязнямі, таму была праведзеная адначасова з марафонам падпісання паштовак вязням беларускіх турмаў «Прышлі паштоўку ў Беларусь».