Амерыканскі серыял распавёў пра памежны канфлікт Беларусі, Літвы і Латвіі (+ відэа)
На цікавы эпізод серыялу «Скарпіён» звярнуў увагу чытач «Нашай Нівы».
«Мірныя беларускія пейзажы» (насамрэч, польскі Кракаў) ў навінах
Свету пагражае Трэцяя сусветная вайна. Беларусь, Літва і Латвія не могуць падзяліць межы. Розныя бакі падтрымліваюць ядзерныя дзяржавы. Апошні шанец чалавецтва — мірныя перамовы кіраўнікоў дзяржаў, што прайдуць у Амерыцы пад наглядам спецпадраздзялення Дэпартамента ўнутранай бяспекі ЗША. Але перамовы прыпыняюцца — аднога з прэзідэнтаў атруцілі.
Прэзідэнт Беларусі
Перамовы кіраўнікоў Беларусі, Літвы і Латвіі
Так завязваецца сюжэт 18 эпізода першага сезону моладзевага серыялу «Скарпіён». Серыял распавядае (нібы «на аснове рэальных падзей») пра аднайменнае падраздзяленне пад кіраваннем камп’ютарнага генія Уолтэра О’Браяна. У атрад уваходзяць іншыя «дзеці індыга»: «чалавек-калькулятар», псіхолаг сусветнага класа і геніяльны механік, а таксама былая афіцыянтка, якая трымае сувязь геніяў з рэальным светам.
Серыял «Скарпіён» ідзе на тэлеканале CBS з верасня 2014 года, на сёння да завяршэння блізіцца першы сезон. Серыял атрымаў змяшаныя водгукі крытыкаў, але быў працягнуты на другі сезон.
Трэйлер серыялу:
Аўтары «беларуска-балтыйскага» эпізоду намагаліся падкрэсліць нацыянальныя асаблівасці і складаныя гістарычныя адносіны краін. Паміж Беларуссю і балтыйскімі краінамі ідзе даўні канфлікт, які пачаўся з інтэрвенцыі Беларусі ў Літву ў 1897 годзе. Беларусь у серыяле славіцца пылавымі бурамі і вялікай колькасцю змей, а таксама традыцыяй прымаць вырашэнні пад медавуху.
Прэзідэнта Беларусі ў серыяле завуць Барыс Сакавіч (Сáкавіч). У адной са сцэн сцвярджаецца, што ён размаўляе па-беларуску нават з балтыйскімі калегамі.
Ролю Сакавіча выканаў Крыстафер Кэрал, вядомы хіба па эпізадычных ролях у «Першабытным страху», «Нікі, д’ябал-малодшы», шэрагу серыялаў, а таксама агучцы другасных персанажаў у культавых анімэ «Акіра» і «Каўбой Бібоп».
Яго герой не выказвае прамой агрэсіі, хаця серыял дэманструе, што ніводзін з кіраўнікоў дзяржаў не хоча саступаць у канфлікце. Згадваецца, што адной з нагодаў да перамоў сталі ваенныя манеўры Беларусі на мяжы з Літвой.