Навіны

Амерыканскія і брытанскія зоркі заклікалі спартсменаў да салідарнасці з беларусамі

Вядомыя дзеячы мастацтва звярнуліся да ўдзельнікаў чэмпіянату свету па хакеі.

21 снежня 2010 года, праз дзень пасля брутальнага падаўлення масавай акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, некалькі чалавек распачалі кампанію па байкоту Чэмпіянату свету па хакеі, які павінен быў адбыцца ў Беларусі ў 2014 годзе. Кампанія была падтрыманая дэпутатамі еўрапейскага парламента, сенатарамі і кангрэсмэнамі ЗША, шэрагамі міжнародных грамадскіх арганізацый, простымі грамадзянамі ў розных краінах свету.

Кіраўніцтва Міжнароднай федэрацыі хакея на чале з Рэнэ Фазэлем і палітыкі ад спорту не ўспрынялі аргументаў удзельнікаў кампаніі аб пераносе чэмпіянату ў іншую краіну. У выніку правядзенне прэстыжнага міжнароднага спаборніцтва павярнулася арыштамі дзесяткаў грамадскіх актывістаў і праваабаронцаў па ўсёй Беларусі.

Сёння людзі мастацтва, якія падтрымалі кампанію, звяртаюцца наўпрост да спартсменаў, з просьбай праявіць грамадзянскую пазіцыю і падтрымаць беларусаў, праявіўшы салідарнасць з тымі, хто беспадстаўна апынуўся ў турмах падчас чэмпіянату.

– На жаль, кіраўніцтва Міжнароднай федэрацыі хакея не прыслухалася да довадаў тых, хто выступаў за перанос чэмпіянату ў іншую краіну, – кажа адзін з арганізатараў кампаніі, арт-дырэктар Беларускага Свабоднага тэатра Мікалай Халезін– Вынікам стала тое, што ў Беларусі падвергліся арыштам дзесяткі ні ў чым не вінаватых людзей, а хакей, як і Алімпіяда, пастаўленыя на службу адмывання іміджу двух дыктатараў – Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна. Гэта ўдвая сумна, паколькі адзін з іх вядзе захопніцкую вайну супраць Украіны, а другі яго ў гэтым безумоўна падтрымлівае.

Кіраўніцтва Міжнароднай федэрацыі хакея неаднаразова адказвала на нашы звароты, выкарыстоўваючы аргумент «спорт знаходзіцца па-за палітыкай». Але, на жаль, атрымалася так, як мы і папярэджвалі, – вялікі спорт стаў абслугоўваць капрызы дыктатараў, адмываючы іх імідж. У тым, што здарылася, віна ў першую чаргу чыноўнікаў ад спорту, якія, так атрымалася, узялі спартсменаў у закладнікі.

Цяпер мы хочам спытаць у саміх спартсменаў: ці хопіць у іх волі для таго, каб праявіць сваю грамадзянскую пазіцыю, і салідарызавацца з беларусамі, як гэта робяць сёння людзі мастацтва?

Арганізатары кампаніі даслалі тэкст адкрытага ліста ў рэдакцыю сайта charter97.org. Прыводзім яго тэкст цалкам:

– Мы, дзеячы мастацтва, звяртаемся да спартсменаў з просьбай надаць час і звярнуць увагу на палітычную сітуацыю ў краіне, дзе праводзіцца чэмпіянат свету па хакеі.

Аляксандр Лукашэнка вядомы як «Апошні дыктатар Еўропы».

Беларусы жывуць ва ўмовах рэжыму Лукашэнкі ўжо 20 гадоў, на працягу якіх яны сутыкнуліся з катаваннямі, забойствамі, запалохваннем і пагрозамі за тое, што выступалі супраць бесчалавечных законаў і парадкаў.

Лукашэнка арганізаваў прапагандысцкую кампанію пад лозунгам «Вялікі хакей за Аляксандра Лукашэнкі». Мы не верым у гэта. Мы верым, што хакеісты падтрымліваюць свабоду і правы чалавека.

Калі ласка, не дазваляйце дыктатару выкарыстоўваць сябе. Далучайцеся да нас, апранаючы бел-чырвона-белы шалік або значок пасля гульні, каб паказаць, што вы не падтрымліваеце Апошняга дыктатара Еўропы, але стаіце на баку народа Беларусі. Гэта колеры нацыянальнага сцяга, які ў Беларусі лічыцца сімвалам супраціву.

Мы просім вас паказаць беларускім людзям, што адвага і сіла, якія вы дэманструеце ў спорце, не сляпыя; і далучыцца да іх, заявіўшы пра сваё непрыманне рэжыму, які парушае правы чалавека. Гэты просты жэст падтрымкі надасць сілы мільёнам, як адважныя ўчынкі атлетаў у Мексіцы ў 1968 годзе, і ў Сочы ў 2014 закранулі велізарную колькасць людзей па ўсім свеце.

Мы не маем дзяржаўнай улады, але мы верым, што аб\’яднаўшыся як дзеячы мастацтва і спартсмены, мы здольныя змяніць сітуацыю, проста паказаўшы народу Беларусі, што мы цэнім правы чалавека і падтрымліваем іх. Мы валодаем маральным аўтарытэтам, якім дыктатары не павінны злоўжываць у сваіх мэтах.

Беларусь застыла ў часе. У людзей няма перспектыў ва ўмовах дыктатуры савецкага ўзору. Нядаўняе ўварванне Расеі ва Украіну азначае, што ўвесь рэгіён стаіць перад небяспекай вяртання ў суровыя часы Савецкага Саюза.

Людзі творчасці і спартсмены павінны загаварыць ад імя тых, каго прымусілі замаўчаць; але не як атлеты або артысты, а як такія ж людзі.

Вы – людзі моцнай волі і ўчынкаў. Звычайна, сваю вам падтрымку паказваюць заўзятары, цяпер ваша чарга падтрымаць іх.

Апраніце бел-чырвона-белы шалік, выходзячы на лёд. Чырвоны колер сімвалізуе мужнасць, а белы – спачуванне. Апрануўшы шалік, вы пакажаце заўзятарам, што вы лічыце дыктатара тым, кім ён на самой справе з\’яўляецца, і што вы стаіце на іх баку. Апрануўшы шалік, вы надасце ім смеласць і пакажаце, што іх галасы пачутыя.

Спорт павінен заставацца па-за палітыкай, але калі іх змешваюць, спартсмены павінны прадэманстраваць – яны разумеюць што адбываецца, яны неабыякавыя, яны падтрымліваюць сваіх заўзятараў у іх імкненні да свабоды і павагі да правоў чалавека.

Не гуляйце c дыктатарамі, падтрымайце вашых заўзятараў!

Подпісы пад адкрытым лістом паставілі Лоры Андэрсан, Майкл Атэнбора, Джэймс Бірман, Ральф Гібсан, Х\’ю Грант, Кім Катрэл, Наталля Каляда, Джаана Ламлі, Джуд Лоў, Дэвід Лэн, Марк Райлэнс, Алан Рыкмен, Эндзі Самэрс, Том Стопард, Джанэт Сузман, Эма Томпсан, Стывен Фрай, Пол Хагіс, Мікалай Халезін, Уладзімір Шчэрбань.

#minsk2014  #минск2014  #мінск2014 #worldcup2014 #hockey2014 #хоккей2014 #belarus2014 #icehockey2014