Анатоль Лябедзька: 90-я – гэта свабода і жаданне перамен
Усведамленне сваёй сілы, значнасці давала людзям моцную матывацыю. Пра гэта старшыня Аб\’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька піша на сайце АГП.
«Ведаю людзей, якія скуголяць або выціскаюць кулаком слязу, успамінаючы першую палову 90-х. Адзін з іх – АРЛ. І я разумею, чаму і навошта ён гэта робіць.
Ён тады яшчэ не жыў паверхам вышэй за Бога. Але Рыгоравічу прыемна, калі, кажучы пра той час, людзі адзяваюцца ў чорнае і гучна смаркаюцца ў насоўку.
Напраўду гэта быў фантастычны час. Такога ўздыму грамадзянскай актыўнасці не было, здаецца, ніколі ў беларускай гісторыі.
У людзей з\’явілася права выбару, і яны сапраўды шалелі ад гэтага. Грамадзяне пачалі разумець, што іх голас, іх пазіцыя чагосьці вартыя. Усведамленне сваёй сілы, значнасці давала людзям моцную матывацыю. Матывацыя нараджала канкурэнцыю. Канкурэнцыя стварала ўмовы для развіцця.
Калі партыйныя функцыянеры надумалі адклікаць мяне з дэпутатаў, то ўжо на наступны дзень, без усялякіх сацыяльных сетак, без незалежнай прэсы, мясцовы Дом культуры быў запоўнены да краёў і кіпеў энэргетыкай супраціву. Людзі даслоўна сцягнулі з трыбуны ініцыятараў «імпічменту».
У 1990 годзе бюджэт маёй выбарчай кампаніі быў блізкі да нуля, але ў мяне працавала 80 валанцёраў рознага ўзросту з гарадоў і навакольных вёсак. Ніхто не глядзеў на гадзіннік, не чакаў прэміяльных. У нас была свабода і жаданне перамен. Мы адчувалі сябе людзьмі, якія пішуць карціну пад назвай БЕЛАРУСЬ!» – піша Анатоль Лябедзька.