Актуальна

Анатоль Лябедзька: Пракуратура «ўключыла дурня»

Генеральная пракуратура перанакіравала ў МУС зварот Анатоля Лябедзькі, Уладзіміра Някляева і Мікалая Статкевіча па факце іх праслухоўвання.

«Паводзіны Генпракуратуры — гэта класічны прыклад палітычнага пінг-понга», — так пракаментаваў старшыня «Аб\’яднанай грамадзянскай партыі» Анатоль Лябедзькагэтую пастанову, паведамляе сайт АГП.

«Пракуратура адкрыта ўключае дурня, — кажа Анатоль Лябедзька. — Мы спыталі гранічна ясна і выразна: спадары, вы давалі санкцыю на праслухоўванне грамадзян Рэспублікі Беларусь, так ці не? А нам кажуць, пачакайце, зараз мы зробім званок сябру. Пры чым тут Шуневіч і ягоная ўстанова? Такія паводзіны паказваюць на тое, што існуе сістэма палітычнага вышуку, і супрацьпраўныя дзеянні якой уцягнутыя ўсе сілавыя ўстановы.

Яны не жывуць у прававой прасторы, іх свет — гэта калідоры палітычнай мэтазгоднасці. У іх няма прафесійнай этыкі, круцяць закон куды заманецца».

Лідар АГП адзначыў, што ў пракуратуру будзе накіраваны новы зварот з патрабаваннем даць выразны адказ на пытанне, ці выдаваўся дазвол на арганізацыю і правядзенне мерапрыемстваў, звязаных з праслухоўваннем.

Нагадаем, што 16 кастрычніка лідар АГП Анатоль Лябедзька выявіў у кавярні «Салодкі фальварак», на месцы сустрэчы з беларускімі палітыкамі Мікалаем Статкевічам і Уладзімірам Някляевым, праслухоўваючую прыладу, «замаскаваную» пад сурвэтніцу.

Лідары беларускай апазіцыі накіравалі Генеральнаму пракурору Беларусі заяву па факце незаконнага праслухоўвання.