Андрэй Бандарэнка не зьбіраецца выходзіць з карцэру
«Андрэя ўчора наведваў адвакат. Мала што ведаю, праз тэлефон перакінуліся парай словаў, бо я ня змог выехаць у Бабруйск. Ведаю, што адвакат размаўляў з Андрэем праз шкло. Той казаў, што ўсё ідзе, як было. Знаходзіцца ў карцэры паводле сваёй заявы, а пасьля выхаду 12 студзеня, калі нічога ня зьменіцца, напіша зноў заяву на той жа карцэр. А гэтак нібыта няма ніякіх перамен да горшага».
Былы дырэктар праваабарончай установы «Плятформа» Андрэй Бандарэнка асуджаны на 3 гады зьняволеньня за злоснае хуліганства. Меркаваньні адносна віны Бандарэнкі разышліся. Адны мяркуюць, што ён сапраўды вінаваты і пакараньне яму абранае ў адпаведнасьці зь дзейнай практыкай. Іншыя — што справу часткова сфабрыкавалі, а пакараньне праваабаронцу несувымернае ягонай віне. Сам Андрэй Бандарэнка на судзе прызнаваў віну часткова і выбачаўся перад двума пацярпелымі, але трэцяга пацярпелага называў правакатарам і заяўляў, што эпізод зь ягоным удзелам быў правакацыяй спэцслужбаў, якія задумалі паквітацца зь ім за праваабарончую дзейнасьць.
Трымаюць Андрэя Бандарэнку ў бабруйскай калёніі, дзе ён ужо знаходзіўся, калі адбываў першую судзімасьць — паводле сфальшаванага абвінавачаньня. Сваякі Бандарэнкі мяркуюць, што яго накіравалі менавіта ў бабруйскую калёнію адмыслова. Ужо ў пачатку знаходжаньня ў калёніі ў Бандарэнкі ўзьнік канфлікт зь іншымі вязьнямі, праз што ён мусіў папрасіцца ў карцэр.