Андрэй Дзмітрыеў: У лайне быць не страшна
Кіраўнік грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» адказаў на абвінавачванні Уладзіміра Някляева.
Андрэй Дзмітрыеў распавёў аб агентах унутры апазіцыі і аб стаўленні да Плошчы. Прыводзім вытрымкі з інтэрв\’ю:
– Уладзімір Някляеў назваў вас агентам КДБ. Як вы да гэтага ставіцеся?
– Мне шкада, што хтосьці пераканаў Някляева ці ён сам сябе пераканаў менавіта ў такой версіі падзей. Яна, магчыма, многае для яго тлумачыць, але з\’яўляецца абсалютна памылковай. Але адказваць цяпер, то накідваць на наш традыцыйны вентылятар, а ён хутка зламаецца ад таго багацця лайна, якое на яго ўжо накідалі.
Усе гэтыя пытанні мы будзем развязваць пасля 11 кастрычніка. Але цяпер усе нашы маленькія рэсурсы трэба сканцэнтраваць на тым, каб адукоўваць народ дзеля пераменаў. Усё, што я чую ад людзей, якія не ўваходзяць у кола апазіцыі, гэта толькі стому ад сварак і ўзаемных абвінавачванняў паміж лідарамі. Беларусам ужо ўсё роўна, хто там агент ці не агент унутры апазіцыі, яны хочуць, каб хоць хто-небудзь што-небудзь зрабіў.
– Някляеў і Статкевіч заклікалі людзей выйсці на Плошчу. Вы як да гэтага ставіцеся?
– Скажу вам шчыра, у мяне асабіста пакуль няма разумення, як нам правільна правесці 11 кастрычніка. З аднаго боку, людзі маюць права на мірны пратэст. З іншага боку, гледзячы на тое, што адбываецца ва Украіне і на неадэкватную пазіцыю расейцаў, разумею, што і ўнутры беларускай улады ёсць група цалкам неадэкватных людзей, якія гатовыя на ўсякую правакацыю, я не ведаю, што рабіць.
Мы б выйшлі як мірныя людзі, а супраць нас зладзілі б правакацыю. І тады мы ўсе будзем не ў лайне, як вы нас палохаеце, а ў крыві. У лайне быць не страшна, можна ісці далей і даказваць людзям сваю правату. А быць у крыві – гэта зусім іншае.
Мы будзем думаць над 11 кастрычніка.