Выбары

Апазіцыя: Мы заяўляем аб сваім няўдзеле ў выбарчым фарсе

Апазіцыйныя палітыкі, якія не бяруць удзелу ў цяперашняй «выбарчай» кампаніі, выступілі з заявай, у якой назвалі першы этап выбарчай кампаніі фарсам і патрабавалі свабодных і справядлівых выбараў, паведамляе «Радыё Свабода».

Удзельнікі «круглага стала» ў офісе АГП зацвердзілі тэкст заявы апазіцыйных сіл, у якім выказалі стаўленне да прэзідэнцкіх «выбараў» 11 кастрычніка і далейшым удзеле ў гэтай кампаніі. Першы этап выбараў у Беларусі ў заяве названы «фальшывай імітацыяй».

«Выбары ў Беларусі як дэмакратычны інстытут змены ўлады знішчаны кіраўніцтвам краіны і з\’яўляюцца фальшывай імітацыяй.

Мы заяўляем пра свой няўдзел у выбарчым фарсе і нагадваем грамадзянам краіны аб іх праве, якое замацаванае ў 65 артыкуле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь – асабіста вызначаць, ці ўдзельнічаць у выбарах», – напісана ў прынятай заяве.

Падпісанты заявы запатрабавалі «правядзення ў Беларусі свабодных і сумленных выбараў паводле стандартаў АБСЕ, якія адновяць давер людзей да дзяржавы, выведуць краіну з эканамічнага і палітычнага тупіка і створаць магчымасці для цывілізацыйнага дэмакратычнага развіцця».

Таксама ўдзельнікі «круглага стала» дамовіліся арганізаваць супольную сістэму назірання за «выбарамі». Са слоў Віктара Карняенкі, галоўным стане пытанне прыходу. Назіральнік мяркуе, што большасць грамадзян выбары праігнаруюць, але ўлады будуць фальсіфікаваць звесткі аб удзеле ў «выбарах»:

«Прынамсі ў Менску ў нас хопіць сіл пракантраляваць «выбары» і атрымаць доказы фальсіфікацыі прыходу».

Грамадскі актывіст Вацлаў Арэшка перакананы, што апазіцыі пад сілу пракантраляваць не менш за 100 участкаў, і гэтага будзе дастаткова, каб зафіксаваць «байкотнае галасаванне».

Сярод тых, хто падтрымаў заяву, – лідар АГП Анатоль Лябедзька і ягоны намеснік Леў Марголін, Сяргей Калякін ад Партыі левых «Справядлівы свет», былы кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Някляеў, Віталь Рымашэўскі з БХД, Ірына Вештард з БСДП, Алесь Арастовіч ад БСДП (НГ), апазіцыйныя палітыкі Вацлаў Арэшка, Валянціна Свяцкая, Віктар Карняенка. Пазней гэтую заяву прапануюць для зацвярджэння палітычным партыям і грамадскім арганізацыям, прадстаўнікі якіх узялі ўдзел у «круглым стале».