Навіны

Арцыбіскуп Гуджэроці будзе маліцца за ахвяраў рэпрэсій

У пятніцу, 2 лістапада, калі каталіцкая царква ўспамінае ўсіх памерлых хрысціян, апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроці будзе маліцца за ўсіх беларусаў, якія сталі ахвярамі войнаў і рэпрэсій, паведаміла апостальская нунцыятура ў Рэспубліцы Беларусь.

Імша адбудзецца вечарам у мінскім храме Cвятых Сымона і Алены.

Раніцай таго ж дня Гуджэроці «ў знак памяці аб ахвярах» ускладзе кветкі да помніка ў мемарыяльным комплексе «Малы Трасцянец» і ва ўрочышчы Курапаты.

У верасні арцыбіскуп сустрэўся з беларускімі палітзняволенымі. «У знак павагі да штодзённага маральнага аўтарытэта Святога Айца і гуманітарнай дзейнасці Апостальскай сталіцы, у рамках двухбаковых дыпламатычных адносінаў, прадстаўнік папы рымскага ў Мінску, арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроці быў упаўнаважаны наведаць некаторых палітзняволеных: Статкевіча, Каваленку, Сырамолатава, Бяляцкага, Дашкевіча, Лобава і Севярынца», — паведаміла тады «Радыё Ватыкана».

Дзмітрый Уласаў, БелаПАН.