Асуджаныя за абразу кіраўніка дзяржавы пад амністыю “ніколі не патрапяць”
“Вось, чаму, да прыкладу, у нас з’явілася забарона на часткі 2-5 артыкула 228 (злачынствы, звязаныя з распаўсюдам і спажываннем наркотыкаў — Еўрарадыё)? Бо пайшоў усплёск злачыннасці ў гэтым накірунку. Летась у нас быў рост забойстваў — з’явіўся “забарончы” артыкул 139. Негатыўныя моманты ў плане сексуальных злачынстваў у дачыненні да непаўнагадовых — мы закрылі гэты артыкул”, — паведаміў Юрый Гарошка карэспандэнту Еўрарадыё падчас прэс-канферэнцыі 29 траўня.
Еўрарадыё пацікавілася ў прадстаўніка Генпракуратуры, чаму са спісу артыкулаў, на якія не распаўсюджваецца амністыя, не выкрэсліваюць тыя, па якіх колькасць злачынстваў не павялічваецца? Ці, як у выпадку з такім злачынствам, як абраза кіраўніка дзяржавы, не назіраецца ўвогуле — асуджаных па ім апошнім часам не было.
Гарошка: “Гэта – наша дзяржаўнасць. Гэтым кіруемся. Каб дысцыплінаваць людзей. Яны жывуць у нашай краіне, яны павінны выконваць нашы законы. А прэзідэнт абіраецца… намі ж абіраецца! Таму, я лічу, што акурат ступень важнасці здзейсненага злачынства ў адносінах… Гэта нармальна, што такая рэакцыя ёсць менавіта на такія злачынствы”.
Пад сёлетнюю амністыю таксама не трапляюць асуджаныя за “арганізацыю масавых беспарадкаў”. Менавіта па гэтым артыкуле адбывае пакаранне экс-кандыдат у прэзідэнты Мікола Статкевіч. “А калі дадаць сюды, што ён з’яўляецца злосным парушальнікам дысцыпліны і быў пераведзены з калоніі ў турму, то пад амністыю ён не трапляе двойчы”, —- адказвае на ўдакладняючае пытанне Еўрарадыё прадстаўнік Генпракуратуры.
Затое пад амністыю трапляюць усе, хто цалкам кампенсаваў нанесеную шкоду. Па словах начальніка ўпраўлення выканання прысудаў Дэпартамента па выкананні пакаранняў МУС Беларусі Жаны Бытурыцкай, летась такія злачынцы сплацілі больш за 10 мільярдаў рублёў кампенсацыі.
Нагадаю, з 29 траўня набыў моц “Закон аб амністыі”. Паводле яго ад крымінальнага пакарання мяркуецца вызваліць каля 8,6 тысяч асуджаных, у тым ліку з месцаў пазбаўлення волі — 2,2 тысячы. Па словах Юрыя Гарошкі, максімальны ўзровень рэцыдыву сярод амніставаных — 10%.