Навіны

«Атаварка» для Статкевіча: 100 грамаў каўбасы на месяц

Якія харчы і колькі можа набыць у краме магілёўскай турмы палітвязень Мікалай Статкевіч на тыя 2 базавыя велічыні грошай, якія яму дазволеныя?

Жонка Марына Адамовіч расказала пра месячыны «кошык» Мікалая Статкевіча.

«Змог ў „атаварку“ мінулага месяца набыць сабе 140 грамаў сыру і 100 грамаў каўбасы. Гэта тое, што ён змог сабе дазволіць, бо астатнія грошы пайшлі на ягоны стандартны набор. Гэта ён купляе зэфір, каб на дзень было па палове зэфіранкі, купляе вафлі, каб таксама на дзень па вафельцы. Раней яшчэ купляў батончыкі халвы з разьліку па палове батончыка на дзень, але халва зьнікла. Дарэчы, як ён мне пра гэта напісаў, так і зьнікла».

Паводле апошняга паведамленьня Мікалая Статкевіча, у магілёўскай турме уключылі ацяпленьне. «Таксама ім выдалі цёплую адзежу, дык ужо хоць бы ня мёрзьне», — кажа пра мужа Марына Адамовіч.

Былы кандыдат на прэзыдэнта Мікалай Статкевіч адбывае 6 гадоў зьняволеньня, якія ён атрымаў нібыта за арганізацыю масавых беспарадкаў на дзень прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня 2010 году. Сваёй віны палітвязень не прызнаў і заявіў, што зь ім расквіталіся за жорсткую крытыку палітыкі Аляксандра Лукашэнкі. Палітвязень Статкевіч адмовіўся прасіць Лукашэнку аб памілаваньні.

Алег Грузьдзіловіч, Радыё Свабода