Навіны

Бацькі Арцёма Пракапенкі: «Ці пражывем мы яшчэ гэтыя тры гады…»

Асуджанаму на сем гадоў пазбаўленьня волі Арцёму Пракапенку, якому нядаўна адмовілі ў памілаваньні, у ліпені споўніцца 25. За кратамі — пяты год. Калі яго, як Міколу Дзядка, не асудзяць паводле 411-й, то на волю ён выйдзе ў 27. Без спэцыяльнасьці, без прафэсіі. Бо з працай у калёніі — вялікія праблемы.

Як і многія іншыя бацькі, Віялета і Анатоль Пракапенкі хвалююцца, што турма можа сацыяльна дэфармаваць іхняга сына. І баяцца, што могуць і не дажыць да дня вызваленьня Арцёма, бо хворыя. Па сутнасьці, калі б ня стан іх здароўя, лічаць яны, Арцём ніколі б не напісаў таго прашэньня аб памілаваньні, пра якое зь ім неаднойчы вяла размову адміністрацыя калёніі. Калі ж сын атрымаў адмову на сваё прашэньне, гэта было для іх зусім нечакана.

Наш карэспандэнт сустрэўся з бацькамі Арцёма Пракапенкі ў Горадні, дзе тыя жывуць ды займаюцца індывідуальнай прадпрымальніцкай дзейнасьцю. Віялета і Анатоль расказалі «Свабодзе ў турмах» пра свае няспраўджаныя надзеі.

Віялета Пракапенка: «Мы зь ім увесь час вялі гутаркі, каб ён неяк падумаў пра прашэньне. Бо дома склалася сытуацыя: бацьку Арцёма паставілі дрэнны дыягназ, я хворая. (Муж Анатоль дадае: „Нам абаім паставілі“.) У нас дрэнна са здароўем у аднаго і ў другога, і мы на такім сьвеце, што невядома, ці дажывём (кажуць яны ў адзін голас), калі ён выйдзе. А апроч нас, дапамагчы яму ня будзе каму, калі ён выйдзе. І вось Арцём абмысьліў усё і вырашыў напісаць (просьбу аб памілаваньні. — РС). Ён нам сказаў пра гэта ў канцы лютага. 23 лютага гэтая папера пайшла ўжо туды, наверх. Да яго прыяжджалі, ня ведаю зь якой арганізацыі (бацька: „З КДБ прыяжджалі“), размаўлялі зь ім доўга: чаму ён вырашыў пайсьці на гэта? Ён ім тлумачыў. Ну, і ўсё, і мы чакалі станоўчага выніку ад гэтага прашэньня. Таму што раней не адзін раз зь ім адміністрацыя праводзіла такія гутаркі, што падпісвай прашэньне, і ўсё будзе нармальна.

Месяцы два не было ніякага адказу. Пасьля таго як паведамілі ў „Вясну“ пра чаканьне памілаваньня і яны зьмясьцілі ў сябе на сайце тую інфармацыю, літаральна ў той самы дзень, 17 красавіка, у пятніцу, Арцёму дазволілі пазваніць нам, і ён сказаў: мама, я працягваю сядзець, таму што мяне сёньня выклікалі, каб азнаёміць з адмоўным адказам. Я кажу: а прычыну адмовы яны пазначылі? — Не, нічога там не пазначана, проста адмоўны адказ. Далі толькі падпісацца».

«Каму гэта выгадна рабіць, ня ведаю, — працягвае маці Арцёма. — Казалі адно, а на справе атрымалася ўсё зусім інакш. Тым болей Сырамалотава, што па гэтай справе, у 2012 выпусьцілі. Чаму Арцёму адмоўлена, незразумела. А наш сын пяты год ужо сядзіць. Дзядку вось зрабілі, што ён замест вызваленьня будзе яшчэ год сядзець. Я думаю, яны баяцца моладзь гэтую выпускаць перад выбарамі. Каб нічога такога не было. Ведаю, што просьбу аб памілаваньні можна яшчэ раз падаваць. Я казала Арцёму, але ён кажа: а сэнс? Ужо цяпер сэнсу няма падаваць другі раз. Столькі разоў прапаноўвалі. Атрымліваецца, што падманулі з гэтым прашэньнем, і ўсё».

Анатоль Пракапенка: «Я думаю, што вось ня з той нагі нехта ўстаў, таму што які сэнс? Абяцаў, казаў „выпушчу“, а тут раз — „да пабачэньня“… Але Арцём ня той чалавек, якога можна ўзяць такім чынам — далей ціснуць, „прэсаваць“ і нешта зь яго ляпіць. Арцём — крэмень. Ён пайшоў насустрач толькі таму, што наша здароўе няважнае, вось і ўсё. А так ён сядзеў бы і сядзеў бы».

Віялета Пракапенка: «Гэта форменны зьдзек і зь яго, і з нас. У самога Арцёма таксама са здароўем нелады, і кроў ішла носам два разы. Але ж лічыў патрэбным сядзець. Таму што Васьковіч сядзеў. Як далей будуць ягоныя справы разьвівацца, невядома. Таму што як ён падаў гэтае прашэньне, было спакойнае да яго стаўленьне, асабліва яго ня тузалі, а што зараз будзе, пасьля гэтага, — хто ведае. Арцём таксама казаў, што напіша заяву на спатканьне. У яго працяглае спатканьне па тэрмінах павінна быць. Можа, на чэрвень удасца, калі там яшчэ ня ўсё будзе занята. Можа, на суткі, яму звычайна болей не даюць. Таму што са „злосьнікаў“ яго не выводзяць. Як толькі надыходзіць год (калі скасоўваюць) пакараньня, яны зноў на яго пачынаюць „вешаць“. За форму адзеньня, калі ён у гарачыню ў шлёпанцах, а трэба ў чаравіках, за не такое прывітаньне. Іншым усё можна, а яму нельга гэтага рабіць… У 15-й калёніі, дзе ён цяпер, умовы крыху лепшыя за тыя, што былі ў Шклове. Там у кубрыку чалавек дванаццаць, а ў Шклове былі баракі, дзе па восемдзесят чалавек. Але ў ПК-15 цяпер працы няма. Такое пустое баўленьне часу… »

Анатоль Пракапенка: «Але гэта мэтанакіраваная палітыка. Мы жывём у краіне, пабудаванай на ілжы, што там казаць. Арцём у мяне заўсёды казаў: тут ня будзе ніколі нічога нармальнага. На ўсход ад Прыбалтыкі і Польшчы. Раней, калі надзея была, што памілуюць, яшчэ жылі неяк. А цяпер зусім дрэнна. Ня ведаю, ці пражывем мы яшчэ гэтыя тры гады, скажам шчыра».