Навіны

Баранавічы: напярэдадні суда над Мікалаем Статкевічам грамадскія актывісты наведалі яго бацьку

Баранавіцкія грамадскія актывісты напярэдадні суда над палітвязнем Мікалаем Статкевічам 3 траўня наведалі яго бацьку Віктара Паўлавіча, які мае 88 гадоў і стала жыве ў Баранавічах.

– Мы ведаем, што суд над палітвязнем Мікалаем Статкевічам па змене рэжыму адбыцця пакарання на турэмны адбудзецца заўтра, 4 траўня, у Шклоўскай папраўчай калоніі №17. Мы добра ведаем, што Віктар Паўлавіч вельмі перажывае за сына, таму прыйшлі да яго напярэдадні суда, каб маральна падтрымаць у нялёгкі час, – адзначае Анжаліка Камбалава.

Грамадская актывістка дадала, што гаварылі найперш пра тое, што Мікалай Статкевіч цяпер змешчаны ў памяшканне камернага тыпу ў Шклоўскай папраўчай калоніі, пра 13 сумнавядомых спагнанняў, пра тое, што ён можа ў рэшце рэшт апынуцца ў турме ўзмоцненага рэжыму.

Віктар Паўлавіч упэўнены ў тым, што ўзмонены ціск на сына робіцца для таго, каб былы экс-кандыдат ў прэзідэнты падаў на імя Лукашэнкі пісьмовае прашэнне аб памілаванні.

spring96.org