Беларусь у ААН заклікалі вызваліць палітвязьняў і спыніць «атмасфэру запалохваньня», Хвастоў паабяцаў «спакойныя, чэсныя і празрыстыя» выбары
Дыпляматы, якія сабраліся на паседжаньні Рады ААН у правах чалавека ў Жэнэве 4 траўня, заклікалі ўлады Беларусі вызваліць усіх палітвязьняў і спыніць выкананьне сьмяротных прысудаў.
Удзельнікі паседжаньня таксама заклікалі правесьці свабодныя і справядлівыя выбары, і выказалі шкадаваньне з нагоды «атмасфэры запалохваньня».
Пасол ЗША ў Радзе ААН па правах чалавека Кейт Гарпэр заклікаў Беларусь прывесьці выбарчае заканадаўства ў адпаведнасьць з рэкамэндацыямі Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе. Паводле Гарпэра, афіцыйны Менск меўся б «прадэманстраваць павагу да дэмакратычнага палітычнага працэсу, свабоды асацыяцыяў і свабоды выказваньняў напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2015 году».
Сёлетнія прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі маюць адбыцца не пазьней за лістапад.
Прадстаўнік Беларусі ў ААН у Жэнэве Міхаіл Хвастоў заявіў, што шмат ужо зроблена, каб гарантаваць, што выбары пройдуць «спакойна, чэсна і празрыста».
Міхаіл Хвастоў зазначыў, што ў Беларусь запрасілі міжнародных назіральнікаў, каб дапамагчы гарантаваць, што выбары адбудуцца ў адпаведнасьці зь міжнароднымі стандартамі.