Беларускі Нацыянальны Кангрэс

Беларускі Нацыянальны Кангрэс • 7 ТЭЗІСАЎ НАШАЙ ПЛАТФОРМЫ ПЕРАМЕНАЎ

1. Выратаванне нацыі

Сёння краіна Беларусь і беларускае грамадства стаяць перад пагразой разбурэння нацыянальнай ідэнтычнасці і страты незалежнасці. Эканамічны і палітычны крызіс, у які трапіла наша краіна, — таксама вынік антынацыянальнай дзейнасці рэжыма Лукашэнкі. Выратаванне Беларусі — гэта не толькі рэфармаванне эканомікі і аднаўленне дэмакратыі, гэта абарона беларускай мовы, культуры, гісторыі. Гэта адкрытасць цывілізаванаму свету і супрацьстаянне агрэсіі “рускага міру”.

2. Эканоміка і дабрабыт

Асноваю пабудовы дабрабыта для беларусаў павінна быць прыняццё новага эканамічнага курсу, угрунтаванага на дэмакратычных стандартах, адкрытай канкурэнцыі, рынкавых прынцыпах і гарантыях для ўласнікаў і працоўных.

Галоўная мэта эканамічных рэформаў – павышэнне эканамічнай эфектыўнасці і выхад на еўрапейскі ўзровень паводле параметраў якасці жыцця. Галоўны рэсурс – чалавечы фактар: свабода прадпрымальніцтва, свабода канкурэнцыі, укараненне апошніх дасягненняў у мэнэджменце і тэхналогіях.

Найважнейшыя ўмовы — макраэканамічная стабільнасць: бездэфіцытны дзяржбюджэт, ліквіднасць банкаўскай сістэмы, зніжэнне інфляцыі, стабільны валютны курс, нізкі ўзровень беспрацоўя, скарачэнне дзяржаўнага доўга, павышэнне нормы зберажэнняў і інвестыцый.

3. Клопат пра людзей

Чалавек і ягоныя патрэбы павінны стаць галоўнымі крытэрыямі ацэнкі дзейнасці дзяржавы і ўсіх яе інстытуцый. Без поўнага ажыццяўлення правоў і свабодаў чалавека немагчыма развіццё краіны і павышэнне якасці жыцця. Аднаўленне свабоды слова і сумлення, сходаў і дэманстрацый, спыненне ціску на палітычныя партыі, грамадскія арганізацыі і прафсаюзы, на грамадскіх і палітычных актывістаў будць першымі крокамі дэмакратызацыі беларускага грамадзтва.

Клопат дзяржавы пра людзей — гэта напаўненне рэальным зместам сацыяльных праграмаў, у тым ліку, вяртанне неабходных ільготаў пэўным катэгорыям насельніцтва, справядлівая пенсійная сістэма, ільготныя крэдіты на жыллё, лячэнне, навучанне, істотная дапамога дзецям, сем\’ям і непаўнаспраўным. Абавязковыя шырокія праграмы дапамогі моладзі ў атрыманні адукацыі і працы.

4. Здароўе і экалогія

Беларусь, якая пацярпела ад Чарнобыльскай катастрофы, павінна стаць чыстай і здаровай краінай. Для гэтага найперш неабходна:

• павелічэнне фінансавання аховы здароўя да паказчыкаў, блізкіх да сярэднееўрапейскіх, стварэнне сістэмы прыярытэтнага фінансавання навуковых даследаванняў у галіне практычнай медыцыны, дыферэнцыяванае павелічэнне выплат медыцынскім работнікам;

• стварэньне эфектыўнай сістэмы медычнага страхавання;

• перагляд экалагічных крытэрыяў, а таксама праграмаў эксплуатацыі забруджаных радыяцыяй тэрыторый.

Трэба перагледзець пытанне мэтазгоднасці пабудовы расейскай Астравецкай АЭС, якая ва ўмовах бескантрольнасці ўлады стварае пагрозу як Беларусі, гэтак і ўсяму кантыненту.

5. Дзяржава і бяспека

Мы прапануем:

Часовае ўвядзенне нормаў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 г. з наступным, пасля правядзення выбараў у Парламент Рэспублікі Беларусь, прыняццем новай Канстытуцыі;

Паэтапнае абмежаванне паўнамоцтваў Прэзідэнта краіны, перадача часткі паўнамоцтваў сённяшняга прэзідэнта Ураду і Парламенту, іншым органам і службовым асобам, вызначаным канстытуцыяй;

Рэформа судовай сістэмы на аснове Канстытуцыі 1994 г.;

Рэфармаванне сістэмы кантрольных органаў, устанаўленне іх выключнай падсправаздачнасці Парламенту;

Стварэнне сістэмы мясцовага самакіравання, якая не ўваходзіць у сістэму органаў дзяржаўнай улады;

Рэфармаванне і скарачэнне праваахоўных структур з улікам досведу еўрапейскіх дзяржаў, ліквідацыю неканстытуцыйных сілавых фармаванняў;

Мадэрнізацыю Узброеных сілаў і стварэнне новай ваеннай дактрыны Беларусі, як рэальна без\’ядзернай і нейтральнай дзяржавы;

Рэформу выбарчай сістэмы, дзеля прадухілення фальсіфікацый і маніпуляцый;

Паэтапнае ачышчэнне ўсіх дзяржаўных структураў ад людзей, якія заплямілі сябе парушэннямі законаў і правоў грамадзянаў;

Усеахопную праграму барацьбы з карупцыяй і злоўжываннямі чыноўнікаў.

6. Беларусь і свет

Асновай міжнароднай палітыкі павінна быць пераадоленне самаізаляцыі Рэспублікі Беларусь на міжнароднай арэне, наладжванне адносін з іншымі краінамі на прынцыпах непарушнасці суверэнітэту і незалежнасці краіны, павагі да агульнапрынятых стандартаў у галіне правоў чалавека, да права на выбар уласнага шляху развіцця, на безумоўнае прыняцце гуманістычных і дэмакратычных каштоўнасцяў. Адмова ад удзелу ў міжнародных аб’яднаннях і пагадненнях, створаных не ў адпаведнасці з палажэннямі Канстытуцыі Беларусі 1994 г.

У міжнародных адносінах – паслядоўнае і строгае выкананне канстытуцыйных палажэнняў: “зрабіць сваю тэрыторыю бяз’ядзернай зонай, а дзяржаву – нейтральнай”.

Мэтазгодна ўзмацненне кантактаў з усімі краінамі-суседзямі, арыентацыя на Эўрапейскі, а не Эўразійскі вектар.

7. Веды і праўда

Неабходна паслядоўнае захаванне прынцыпаў свабоды распаўсюду і атрымання інфармацыі. Дзеля гэтага — стварэнне Парламентам Нацыянальнай Назіральнай рады па СМІ. Адмена дазваляльнага парадку рэгістрацыі СМІ, забарона ўладным структурам засноўваць уласныя СМІ, датаванне з бюджэту ўсіх СМІ згодна з катэгорыямі. Змена парадку акрэдытацыі журналістаў і СМІ. Легалізацыя інстытуту фрылансераў, раздзяржаўленне сістэмы распаўсюду СМІ праз яе дэманапалізацыю.

Для пабудовы сучаснай і эфектыўнай сістэмы адукацыі прапануецца рэфармаванне сістэмы дзяржаўнага кіравання сістэмай адукацыі, вяртанне да чатырохступеннай агульнаадукацыйнай сярэдняй школы з пашыранай дыферэнцыяцыяй навучання, перагляд заканадаўчай базы функцыянавання сістэмы адукацыі ў Беларусі з мэтай дэцэнтралізацыі і дэідэалагізацыі сістэмы адукацыі, развіцьцё сістэмы прыватных і грамадзкіх адукацыйных установаў, аднаўленне ў навучальных установах акадэмічных свабодаў і самакіравання. Патрэбны істотныя зьмены ў прынцыпах фінансавання адукацыі, а таксама стварэнне і практычная рэалізацыя базавай праграмы далучэння Беларусі да агульнаеўрапейскай адукацыйнай прасторы, заснаванай на прынцыпах, зафіксаваных у міжнародных дакументах; забеспячэнне ўмоў для рэальнага далучэння Беларусі да Балонскага працэса.

БНК